Аляксандра Віхора пахавалі 16 жніўня 2020 году на могілках у Касьцюкоўцы каля Гомля. Нядаўна сваякі загінулага хлопца паставілі яму помнік.
Вечарам 9 жніўня Аляксандра Віхора па дарозе дадому затрымалі сілавікі. Тры дні маці нічога не магла даведацца пра сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Гомлем разьвітваюцца з Аляксандрам Віхорам, які загінуў пасьля затрыманьня АМАПам12 жніўня міліцыя паведаміла, што Аляксандар памёр у рэанімацыі. Сьледчы камітэт адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы. Нібыта прычынай сьмерці 25-гадовага гамельчука Аляксандра Віхора сталі хваробы сардэчна-судзіннай сыстэмы, якія раптоўна абвастрыліся. Але, як сьцьвярджаюць родныя і сьведкі затрыманьня, Аляксандру было блага ад моманту затрыманьня, ён прасіў аб дапамозе, а ў адказ атрымліваў ад сілавікоў шматлікія ўдары.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.