Паштоўка для Анджэя Пачобута
Буйная польская газэта прапануе напісаць калядныя віншаваньні палітвязьню рэжыму Лукашэнкі.
Анджэй Пачобут ужо 267 дзён знаходзіцца за кратамі праз палітычна матываваныя абвінавачаньні, піша Gazeta Wyborcza. Сёлета калегі прызналі яго журналістам году ў Польшчы, гэта ўжо другая такая ўзнагарода для журналіста зь Беларусі.
У папяровым выпуску газэты, што выйшаў у панядзелак, 20 сьнежня, знаходзіцца паштоўка, якую прапануюць падпісаць чытачам і даслаць у Беларусь, такім чынам віншуючы Пачобута з Калядамі. Напісаць просяць па-расейску, бо польскі тэкст можа не прайсьці турэмную цэнзуру. Таксама газэта просіць чытачоў устрымацца ад палітычных момантаў, каб было больш шанцаў на тое, што паштоўку Пачобуту перададуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі парлямэнт заклікаў Менск спыніць рэпрэсіі супраць Борыс, Пачобута і іншых палітвязьняў«Усё ў Беларусі будзе добра». Анджэй Пачобут даслаў пазытыўны ліст з-за кратаў
У сярэдзіне сьнежня Тацяна Смоткіна атрымала ліст ад зьняволенага журналіста, у якім ён піша пра сваё жыцьцё за кратамі і ўзгадвае Глыбокае як атмасфэрнае мястэчка зь цікавай гісторыяй, піша Радыё Рацыя.
Паводле Тацяны, гэтая вестка для яе была вельмі радаснай, бо яна ўжо думала, што яе паштоўкі-лісты не даходзяць да адрасатаў:
«Шчыра кажучы, я ўжо не спадзявалася, што сёлета я атрымаю адказ. Я чамусьці думала, што ўсе нашыя паштоўкі, лісты выкідваюць і яны не даходзяць да палітзьняволеных, таму, канешне, я вельмі ўзрадавалася, калі атрымала першы ліст ад майго паважанага калегі Анджэя Пачобута, зь якім добра знаёмая».
Тацяна зазначыла, што атрыманьне адказу, усяляе надзею на тое, што і надалей трэба ўсё ж такі пісаць. Па яе словах, вельмі важна сёньня быць салідарнымі і хоць нечым падтрымліваць людзей, якім вельмі цяжка ў зьняволеньні.
Як кажа Тацяна Смоткіна Анджэй Пачобут піша, што цяпер ён рыхтуецца да суду, хоць па-ранейшаму яго дата невядомая. Але нягледзячы на гэта, настрой у яго бадзёры, і ён не губляе веры ў тое, што ўсё ў Беларусі будзе добра.
Перасьлед Анджэя Пачобута
48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».
Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў, у парушэньне ўсіх правілаў, вывезьлі ў Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам году ў Польшчы