Галоўны фігурант гісторыі — Аляксандар Косач, суўладальнік канцэртнага агенцтва, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча. Цяпер над прадпрымальнікам ідзе працэс у судзе Маскоўскага раёну Менска за махлярства, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і падбухторваньне да хабару.
Альянс апублікаваў фрагмэнт апэратыўнай здымкі, на якім архітэктар Аляксандар Галерка, партнэр Аляксандра Касача, апісвае дырэктару ТАА «Сталіцабудінвэст» Юрыю Жукоўскаму карупцыйную схему, з дапамогай якой той можа атрымаць пад забудову зямлю побач з Камароўскім рынкам. Дзеля гэтага неабходна аформіць дамову на спонсарскую дапамогу НАК Беларусі ў памеры 600 тысяч даляраў. Плюс, асобна за «вельмі сур’ёзную падтрымку» — 25 тысяч даляраў першаму віцэ-прэзыдэнту арганізацыі Дзьмітрыю Даўгалёнку. Маўляў, алімпійскі чэмпіён у веславаньні блізка стасуецца зь Віктарам Лукашэнкам і той гатовы пайсьці насустрач падначаленаму.
Сёлета партнэраў затрымалі, Аляксандар Галерка памёр у СІЗА пры нявысьветленых абставінах — нібыта ад каранавірусу.
«Я не зьбіраюся ў нейкіх відэа разьбірацца, у нейкіх незразумелых сытуацыях. Калі б маё прозьвішча дзесьці прагучала, а так... Наогул гэтым пытаньнем займаецца Сьледчы камітэт, усё да іх...», — так адрэагаваў Дзьмітры Даўгалёнак на пытаньне Альянсу расьсьледавальнікаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Лукашэнка ў Катары правёў перамовы з шэйхам-прэм’ерам, — мясцовыя СМІ. Менск маўчыць аб гэтай паездцыСёлета ў лютым Аляксандар Лукашэнка пасьля амаль чвэрці стагодзьдзя на чале НАК Беларусі перадаў кіраўніцтва свайму старэйшаму сыну Віктару. Абодва яны непрызнаныя Міжнародным алімпійскім камітэтам і фактычны фігуры нон-грата на буйных сусьветных спаборніцтвах.
Першым віцэ-прэзыдэнтам у Віктара Лукашэнкі стаў менавіта Дзьмітры Даўгалёнак — падпісант ліста спартоўцаў у падтрымку рэжыму. Ён не патрапіў пад санкцыі і ўзначальваў беларускую дэлегацыю на Алімпіядзе-2020 у Токіё. Пры ім там здарыліся гучныя скандалы з цкаваньнем лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай, а таксама зь нядопускам шэрагу спартоўцаў да стартаў праз пратэрмінаваньне допінгавых праверак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад аб парушэньнях у фэдэрацыі футболу Беларусі: дамоўныя матчы, палітычны ціск, «кішэнныя» судзьдзі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд спартовай салідарнасьці пачаў збор сродкаў на падрыхтоўку каманды лыжніка Далідовіча