Горадзенскаму блогеру Vadimati прысудзілі 3 гады зьняволеньня за «абразу Лукашэнкі»

Вадзім Ермашук (Vadimati) у судзе

У жніўні і верасьні мінулага году блогер выкладаў у сваім Instagram сторыз, падпісваючы ў ім Лукашэнку «нелегітымным». Гэта прызналі абразай.

У судзе Шчучынскага раёну вынесьлі вырак Вадзіму Ермашуку, вядомаму як блогер Vadimati.

Суд пастанавіў пакараць яго трыма гадамі зьняволеньня, яго вінавацяць у абразе Лукашэнкі і зьнявазе дзяржаўнага сьцяга Беларусі, паведамляюць праваабаронцы. 10 чалавек прыехалі ў суд падтрымаць Вадзіма.

Прысуд вынес Дзьмітрый Цівунчык, які раней судзіў сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскага.

Вадзім падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае, паабяцаў вытрымаць гэтае выпрабаваньне і абавязкова дачакацца вызваленьня. У чацьвер, 23 сьнежня, яго перавядуць у гарадзенскую турму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над горадзенскім блогерам Vadimati, ён адмовіўся даваць паказаньні

Раней блогер адмовіўся даваць паказаньні і адказваць на пытаньні судзьдзі. Сваёй віны не прызнаў. Vadimati абвінавачваюць у «абразе дзяржаўных сімвалаў» і «абразе прэзыдэнта». У жніўні і верасьні мінулага году хлопец выкладаў у сваім Instagram сторыз, падпісваючы ў ім Лукашэнку «нелегітымным». Гэта, на думку абвінавачаньня, можна разглядаць як абразу.

Падставай для завядзеньня спраў паслужылі два выказваньні блогера ў сацыяльных сетках. У адным зь іх ён сказаў фразу «нелегітымны прэзыдэнт», а ў другім назваў дзяржаўны сьцяг «анучкай».

Гарадзенец цалкам не прызнаў сваёй віны ні па адным з артыкулаў і адмовіўся даваць паказаньні ў судзе.

Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня падчас паездкі ў Шчучын, дзе ён зьбіраўся паглядзець пляцоўку для ролераў і скейтэраў. Празь некаторы час яго асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» і «хуліганскія дзеяньні». Аднак пасьля адміністрацыйнага арышту на волю ён ня выйшаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы сумленны горадзенскі блогер». Хто такі Vadimati, якога асудзілі па «народным артыкуле»

Блогер гандляваў адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе (рамонту асфальту, стварэньня пандусаў), змагаўся з забруджваньнем вады.

Акрамя таго, яшчэ на волі ён наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».

Vadimati 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, на ягоны Instagram падпісаныя больш за 40 тысяч чалавек. Пасьля затрыманьня блогера некалькі тысяч падпісантаў ад яго сышлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі вырак блогерцы Вользе Такарчук: 1,5 года ў калёніі