У Беларусь прыбыў Віфлеемскі агонь

Ілюстрацыйнае фота

З польска-беларускай мяжы праз памежны пераход у Вялікай Бераставіцы агонь даставілі ў горадзенскі катэдральны касьцёл сьв. Францішка Ксавэрыя, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на Каталіцкі партал Горадзенскай дыяцэзіі.

З Горадні пачалася штогадовая эстафэта перадачы агню па гарадах і мястэчках Беларусі.

Акцыя перадачы Віфлеемскага агню міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986-м. Агонь перадаецца з рук у рукі зь Віфлеема. У пячоры Нараджэньня Ісуса гарыць вечны агонь, ад якога штогод запальваецца лямпада. Яе нясуць скаўты, праз краіны і кантынэнты яна абыходзіць сьвет.