На фоне заходніх санкцый урад Беларусі просіць 3,5 млрд даляраў у Расеі

Мікалай Снапкоў

Пра гэта паведаміў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў.

«Адначасовае ўступленьне ў сілу чарговых санкцыйных пакетаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады сьведчыць пра узгодненыя падыходы і каардынацыі дзеяньняў ключавых гульцоў адносна нашай краіны. Пры гэтым відавочны субʼектыўны фактар пры выбары прадпрыемстваў. Адсутнічаюць акрэсьленыя крытэры, прысутнічае беспрынцыповасьць — уключаю, каго хачу», — сказаў Мікалай Снапкоў, якога цытуе БелТА.

Ён лічыць, што ў выпадку адсутнасьці выніку ад санкцый яны будуць узмацняцца, пры гэтым спрагназаваць іх накіраванасьць праблематычна. Пры гэтым назваў тры асноўныя каналы ўплыву на эканоміку Беларусі: фінансавая сфэра, экспарт прадукцыі, імпарт тэхналёгій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ пішуць пра скачок паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Эстонію і абход санкцый. МЗС Эстоніі: беларускі транзыт не парушае санкцый

Так, у фінансавым сэктары ключавыя рызыкі канцэнтруюцца ў здольнасьці забясьпечыць разьлікі прадпрыемстваў і ў прыцягненьні вонкавага фінансаваньня.

«Адчувальным фактарам зьяўляецца ўведзеная пятым пакетам санкцыя супраць беларускага дзярждоўгу, — патлумачыў віцэ-прэмʼер. — Гэта прамая рызыка яго рэфінансаваньня, у тым ліку па ўнутраных валютных дзяржпазыках».

Па яго словах, у 2022 годзе Беларусі трэба пагасіць 3,3 млрд даляраў, у 2023-м — 4,7 млрд разам з абслугоўваньнем. Таму нічога не застаецца, як распачаць новую праграму з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця на выдзяленьне дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка праводзіць нараду аб санкцыях: «Мы адкрытыя да канструктыўнага дыялёгу»

Агульная сума запрошаных сродкаў — 3,5 млрд даляраў, што дасьць магчымасьць кампэнсаваць недасяжныя эўрапейскія сродкі для рэфінансаваньня доўгу.

Чыноўнік таксама прызнаў, што фактычна спынілася прыцягненьне інвэстыцый. Ва ўмовах адмовы большасьці міжнародных фінансавых арганізацый ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю практычна адзінай крыніцай разьвіцьця і эканамічнага росту застаюцца ўнутраныя рэсурсы і рэзэрвы, падсумаваў Мікалай Снапкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпяховы 2021-ы: што ўратавала беларускую эканоміку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэньне наконт заходніх санкцый: «Парушаюць міжнароднае права»