У праваабаронцы Стэфановіча пнэўманія
Ад праваабаронца «Вясны» Валянціна Стэфановіча дайшоў на волю ліст ад 11 сьнежня. Ён ужо тры тыдні хварэе на пнэўманію, ляжыць у турэмным шпіталі, але, зь ягоных словаў, пайшоў на папраўку, піша «Вясна».
Да таго ж праваабаронца павіншаваў усіх з Днём правоў чалавека 10 сьнежня. Ён падкрэсьліў важнасьць місіі праваабаронцаў, адзначыў, што «Вясна» застаецца адной зь яскравых і важных арганізацый праваабарончай супольнасьці.
«Мы стаялі каля вытокаў праваабарончага руху Беларусі ў 90-х. Мы былі і застаёмся на вастрыні, заўсёды з нашым народам. Усё мы рабілі і робім правільна. Мы ж заўсёды з народам. Вось і цяпер мы побач з людзьмі — у турме», — напісаў Валянцін Стэфановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» заявіла пра атаку ўладаў на сваіх валянтэраўНа ягоную думку, зьняволеньне вясноўцаў — гэта ацэнка іхняй дзейнасьці з боку дзяржавы, а таксама актуалізацыя праблемы палітвязьняў. Ён зазначыў, што праваабарончая праца за апошнія дзесяцігодзьдзі можа здацца безнадзейнай, але толькі на першы погляд.
«Трымайце галовы высока ўзьнятымі і ганарыцеся тым, што вы робіце!» — пажадаў праваабаронца з-за кратаў.
Напісаць Стэфановічу ліст можна на адрас: СІЗА № 1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Марфа Рабкова запісалася на прышчэпку ад каранавірусуРок-музыку Банцэра ня выпусьцілі з ШЫЗА
Рок-музыканта Ігара Банцэра ня выпусьцілі са штрафнога ізалятара пасьля 20 дзён пакараньня. Пра гэта паведамілі бацькі палітвязьня.
Са словаў сваякоў, яму дадалі яшчэ два дні ў ШЫЗА, за што — невядома.
Агулам Банцэр правёў у ШЫЗА на «хіміі» ужо 80 дзён, 19 зь іх ён галадаў на вадзе. У апошні раз 25 лістапада яму далі 10 сутак ШЫЗА за тое, што ён запісаў відэа для журналістаў «Медиазоны» пра ўмовы ўтрыманьня на «хіміі», дзе адбывае пакараньне, і паказаў, як яму скрозь краты перадаюць ежу.
Банцэра пакаралі 1,5 года «хіміі» за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам. Ён двойчы за апошні год трымаў вялікія галадоўкі: 16 дзён бязь ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на вадзе ўлетку. Лідэр вядомага панк-гурту Mister X адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Дагэтуль невядома, калі Банцэр мае выйсьці на волю.
Тэрмін выхаду зьмясьціўся ад таго, што над ім праходзілі суды аб магчымым пераводзе яго ў калёнію, а таксама празь ягоны перавод у СІЗА перад этапам, які ўрэшце так і не адбыўся. Ад супрацоўнікаў «хіміі» палітвязень чуў пра дзьве даты ўласнага вызваленьня: 17 сьнежня 2021 году або 17 студзеня 2022 году.
Пакараньне штрафным ізалятарам вязень адбывае ня ў Віебску, а ў горадзе Гарадок. Вядома, што ў тым памяшканьні вельмі халодна, амаль як на вуліцы.
Фігуранта «карагоднай справы» пасадзілі ў ШЫЗА
Берасьцейца Дзьмітрыя Абрамука накіравалі ў ШЫЗА, які месьціцца ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму. На яго склалі 4 рапарты, паведаміла «Вясна».
На Абрамука склалі рапарты за тое, што ён адмовіўся прыбіраць туалеты, быў з тэлефонам на парка-гаспадарчым дні, за тумбачкай адміністрацыя нібыта знайшла волас пасьля прыбіраньня і палічыла, што ён не прыбіраў зусім, а таксама за тое, што мацюкаўся.
Абрамука 26 лістапада паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». Апроч гэтага, яму ўжо паўгода не дазваляюць працаўладкавацца.
Дзьмітры Абрамук — фігурант берасьцейскай «карагоднай справы». 15 сакавіка яго асудзілі на 2 гады «хіміі». Празь некалькі месяцаў яго пакаралі яшчэ і за абразу Лукашэнкі. Шляхам складаньня пакараньняў яму прызначылі тры гады «хіміі».
Напісаць яму можна на адрас: папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 9, 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39, Дзьмітрыю Міхайлавічу Абрамуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год карагоду ў Берасьці. Пакаралі 81 чалавека, суды працягваюцца