Справу разглядае судзьдзя Алена Капцэвіч. Прысутныя на працэсе кажуць пра «абвінаваўчы ўхіл».
У суботу Вольгу перавялі з жодзінскай сьледчай турмы № 8 у менскае СІЗА № 1 на Валадарскага. «Прывыкае, таму цяжка ёй», — кажа бацька палітзьняволенай Андрэй. Бацькі і муж мелі сустрэчу з Вольгай 4 лістапада.
«Вельмі пазытыўна правялі 1,5 гадзіны, атрымалі зарад бадзёрасьці і аптымізму, — кажа Андрэй. — Вольга адчувае сябе як чалавек у турме: выхваляцца няма чым, але ўжо абвыклася. Насмарк і кашаль не праходзяць».
Блогерку затрымалі сёлета 19 траўня.
Як паведамляе Сьледчы камітэт, Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:
- «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
- «паклёп» (артыкул 188 КК);
- «абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Сьледчага камітэту, Такарчук брала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блякавала рух транспарту», «выкрыквала лёзунгі».
Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што яна 14 студзеня 2021 году апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасьці» і «ганьбіць сацыяльнага пэдагога адной з гімназій у Берасьцейскай вобласьці».
Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі судзьдзі Першамайскага раёну Менску» і «ненарматыўнай лексыкай». У сьнежні 2020 году Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Вольга Такарчук — блогер, дызайнэр, маці дваіх малых дзяцей, 3 і 7 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над блогеркай Вольгай Такарчук пачнецца 16 сьнежняПаводле сьледзтва, днём 30 жніўня 2020 году абвінавачаная брала ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Менску, «доўга і ўпарта парушала грамадзкі спакой, а пры знаходжаньні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ўзяла ўдзел у блякаваньні шляхоў транспартных камунікацый». Таксама яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году.
Паводле Сьледчага камітэту, Вольга Такарчук разьмясьціла на Youtube ролік, «які зьмяшчае лжывыя зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, пра сацыяльнага пэдагога адной зь гімназій у Берасьцейскай вобласьці, абразы ў адрас судзьдзі суду Першамайскага раёну сталіцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Вольгі Такарчук кажа, што яна абвясьціла галадоўку ў карцары. МУС сьцьвярджае, што блогерка прымае ежу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар пакаралі 4 гадамі зьняволеньня