Мікола Дзядок скардзіцца, што ў магілёўскім СІЗА яму адмаўляюць у мэдычнай дапамозе

Мікола Дзядок у судзе. Чэрвень 2021 году.

На палітзьняволенага актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка адміністрацыя магілёўскай турмы чыніць ціск, складаючы рапарты за парушэньні, якіх ён не ўчыняў.

Пра гэта газэце «Новы час» расказаў ягоны бацька Аляксандар Дзядок. Ён меў спатканьне з сынам у Сьледчай турме № 4 Магілёва, куды Міколу перавялі 22 лістапада. Хоць прысуд вязьню ўжо агучылі — 5 гадоў калёніі — ён яшчэ не ўступіў у сілу. Таму на яго распаўсюджваюцца правілы, якія тычацца абвінавачаных, а не асуджаных. Аднак адміністрацыя ўжо пачала прад’яўляць неабгрунтаваныя прэтэнзіі.

«На яго пачынаецца моцны ціск. Яшчэ не прайшло і месяца, як туды даставілі, а ўжо склалі чатыры рапарты. Напрыклад, прыбраў у камэры, і туды „раптам“ прыйшла дэлегацыя з прадстаўнікоў адміністрацыі. Адзін скінуў са стала паперы і сказаў: „Чаму не прыбралі?“. Таксама склалі рапарт, што нібыта ўдзень, калі гэта забаронена, спаў. Калі Мікалай прапанаваў паглядзець запіс камэры назіраньня, начальнік адказаў, што давярае сваім супрацоўнікам», — расказаў бацька палітвязьня.

Як зазначае Аляксандар Дзядок, спачатку адміністрацыя турмы стварае бачнасьць «разбору», праводзіць гутаркі, але потым ідзе рэальнае пакараньне.

«Нас вельмі турбуе стаўленьне мэдычнай службы, якое адлюстроўвае адносіны да вязьня адміністрацыі сьледчага ізалятара. Мэдслужба рэальна адмаўляе ў дапамозе, — працягвае Аляксандар Дзядок. — Сын зьвярнуўся з просьбай правесьці абсьледаваньне, неабходнасьць якога была прапісаная яшчэ тады, калі ён знаходзіўся ў менскім СІЗА № 1. Патрэбна зрабіць кампутарную тамаграфію галавы, бо ён скардзіцца на пастаянныя галаўныя болі. Але начальнік службы заявіў: „У цябе няма анкалёгіі — значыць, усё ў парадку“. Разумееце, якая ступень цынізму лекара?»


Абарона Міколы Дзядка падала апэляцыйныя скаргі на прысуд, але Вярхоўны суд яшчэ не прызначыў дату пасяджэньня. Пакуль справа ня зрушыцца, палітвязень будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Магілёве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігу Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сьвету» выдалі на нямецкай мове

10 лістапада анархіста, блогера і аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі калёніі. Яго прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах:

  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • арт. 295-3 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Мікола Дзядок віны не прызнаў, сказаўшы ў апошнім слове, каб усе, хто мае дачыненьне да палітычных працэсаў, «ня мелі ілюзій». На яго перакананьне, ніякаму тэрору не спыніць разьвіцьцё і прагрэс.

Адрас для ліставаньня зь Мікалаем Дзядком: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіста Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі зьняволеньня