Улады прызналі, што безь дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72% аграрных прадпрыемстваў Віцебшчыны

Ілюстрацыйнае фота.

Віцебскай вобласьці з гледзішча разьвіцьця эканомікі хваліцца асабліва няма чым, сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з чыноўнікамі рэгіёну.

«Відавочна, што рэгіёну патрэбна перазагрузка. Калі хочаце — сур’ёзнае ўзварушэньне», — сказаў чыноўнікам Лукашэнка.

Па яго словах, няма адчувальнага эфэкту ад рэалізацыі ўказу аб разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці.

«Праца аграпрамысловых абʼяднаньняў застаецца стратнай. Безь дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72% сельскагаспадарчых арганізацый у рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца зь беларускай эканомікай. Адказвае эканаміст Зьміцер Крук

За апошнія 7 гадоў валавы рэгіянальны прадукт скараціўся больш як на 8%. У 2021 годзе Віцебская вобласьць адзіная, дзе гэты паказьнік працягвае зьніжацца, у асноўным за кошт будаўніцтва і сельскай гаспадаркі.

«У апошнія гады пагаршаюцца многія паказьнікі разьвіцьця вёскі, — прызнаў Лукашэнка. — Зьніжаныя пасяўныя плошчы і абʼёмы збору сельскагаспадарчых культур. Скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вытворчасьць малака, яек. Прычына — нізкая арганізацыя працы, невыкананьне агратэхнічных тэрмінаў і рэглямэнтаў. Выканальніцкая дысцыпліна ні к чорту, і ня трэба казаць, што ў вас не хапае кадраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўгі сельскай гаспадаркі пабілі гістарычны рэкорд

Незалежныя эканамісты даўно канстатуюць, што ня толькі па Віцебшчыне, а наогул па краіне сельская гаспадарка трымаецца на шматмільённых датацыях, а гаспадаркі вымушаныя ўлазіць у новыя даўгі, каб пакрыць старыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25% гаспадарак без цэнтральнага ацяпленьня. 10 лічбаў пра жыцьцё ў вёсцы, куды завабліваюць чыноўнікі