Гульня лёсамі людзей. Чаму такія жорсткія прысуды?

Аляксандар Лукашэнка ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году на сустрэчы з палітвязьнямі. Падчас сустрэчы Ціханоўскі сьмела размаўляў з Лукашэнкам.

Ад 14 да 18 гадоў зьняволеньня. Чакалася, што прысуд будзе жорсткі. Але каб настолькі! Чым патлумачыць такую судовую лютасьць?

На гэтым працэсе паравозам, які пацягнуў за сабой і астатніх фігурантаў, выступалі дзьве асобы, што сталі асабістымі ворагамі Лукашэнкі. Гэта Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч. Апошні — даўні і непрымірымы праціўнік існага рэжыму. Мікола — вэтэран вулічнай барацьбы. Адзін успамін пра вуліцы і плошчы Менску летам і восеньню 2020 году некаторых чыноўнікаў кідае ў халодны пот. А чалавека, які асацыюецца з пратэстам, вырашылі паказальна і надоўга засадзіць за краты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч: Нават месца ў сельсавеце не далі прыхільнікам «мірных пераменаў». Адзіны рычаг — вуліца

Сяргей Ціханоўскі — асобная гісторыя. Найперш ён муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая адабрала легітымнасьць у Лукашэнкі. Перамоваў зь лідэрамі эўрапейскіх краін яна за год правяла столькі, колькі ня сьнілася Лукашэнку за 27 гадоў. Кульмінацыяй стала сустрэча з Джо Байдэнам. Гэта моцна нэрвуе афіцыйны Менск. Прысуд яе мужу — гэта помста Сьвятлане за ўсе псыхалягічныя траўмы, атрыманыя Лукашэнкам за паўтара года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец, блогер і палітвязень. Хто такі Сяргей Ціханоўскі, якога асудзілі на 18 гадоў

Але і самому Сяргею ёсьць за што помсьціць. Ён даволі зьняважліва выказваўся на адрас Лукашэнкі. Узгадаем, пад якім слоганам ён вёў выбарчую кампанію. Падчас сустрэчы Лукашэнкі з самымі вядомымі палітзьняволенымі ў СІЗА КДБ мінулай восеньню Ціханоўскі размаўляў зь ім дзёрзка, узгадваў пра ягонага сына Колю. Лукашэнка такіх рэчаў не даруе.

Астатнія фігуранты, якія трапілі ў адзін судовы працэс зь Ціханоўскім і Статкевічам, атрымалі вялізныя тэрміны ў некаторай ступені за кампанію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вуліцу ў Вашынгтоне, дзе знаходзіцца амбасада Беларусі, прапанавалі назваць імем Рамана Бандарэнкі

Таксама жорсткі прысуд у Гомлі — гэта адказ Захаду на новыя санкцыі. Маўляў, чым больш вы будзеце ціснуць, тым страшнейшыя рэпрэсіі абрынуцца на апазыцыянэраў.

Асобны кейс — сыгнал ЗША. 15 гадоў зьняволеньня журналісту Свабоды Ігару Лосіку, захоп тэлеграм-каналу Свабоды, абвяшчэньне шэрагу плятформаў Свабоды экстрэмісцкімі, адміністрацыйны арышт фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка — гэта ўсё факты з аднаго шэрагу. Такія своеасаблівыя контрасанкцыі. Менск гуляе тымі картамі, якія мае на руках. То бок лёсамі людзей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.