У турму да яго прыяжджалі сьледчыя зь Менску — хацелі дапытаць па «справе „Вясны“».
Гаворка ідзе аб крымінальнай справе, распачатай у дачыненьні да кіраўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна» — Алеся Бяляцкага, Уладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Цяпер яны ў менскім СІЗА.
«Прыяжджалі са сталіцы, спрабавалі дапытаць па справе „Вясны“ і яе кіраўніцтва. Паслаў іх да 27 артыкула Канстытуцыі, пакуль яго яшчэ не прыбралі (артыкул 27 Канстытуцыі дае права ня сьведчыць супраць сябе або блізкіх людзей. — РС). Сышлі. Пакуль не вярталіся», — напісаў з гомельскай турмы Леанід Судаленка.
«Вось ужо месяц як я знаходжуся ў статусе асуджанай асобы. Прычым асуджаны, як і паложана „ворагу народу“, да максымальнай меры. Чалавек у мантыі судзьдзі нават аднаго дня не знайшоў для малалетняга Мікіты. (Судзьдзя Сяргей Салоўскі адмовіў Судаленку ў спатканьні зь ягоным малодшым сынам Мікітам. — РС.) Бог, як той казаў, яму судзьдзя. Я дакладна ведаю, што прысуд ён вынес ня толькі мне», — адзначае ў лісьце праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» заявіла пра атаку ўладаў на сваіх валянтэраўЁн мяркуе, што перагляд справы ў абласным судзе можа адбыцца на працягу трох месяцаў.
«Значыць, буду пражываць тут да рэфэрэндуму. Падправім асноўны закон — і на перавыхаваньне. Нават калі раптам форс-мажор ня здарыцца і ня зьнікне жаданьне мяне перавыхоўваць — я ж яшчэ да арышту публікаваў, што арыштуюць мяне па сваволі, так і адпусьцяць. Першае — спраўдзілася. Другое — пытаньне часу», — піша праваабаронца.
Ён дадае, што падаў заяву аб прыцягненьні судзьдзі (Сяргея Салоўскага. — РС) за вынясеньне заведама неправасуднага прысуду. «З абласнога суду на гэта адказалі, што апэляцыя дасьць ацэнку прысуду», — піша праваабаронца.
Падатковая запатрабавала, каб Судаленка здаў дэклярацыю аб даходах за 2014–2020 гады. «Папрасіў адтэрміноўку да 18.07.2023 (дзень, калі Судаленка выйдзе з турмы, калі будзе сядзець 3-гадовы тэрмін. — РС). Усё роўна адсюль яе падаць немагчыма. Уся інфармацыя — у кампутары, які канфіскавалі», — зазначае Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мае праблемы з вачыма, разьбіраецца з падатковай. Праваабаронца Судаленка сустрэўся ў СІЗА з жонкай10 сьнежня Леанід Судаленка, Лілія Ўласава, Максім Знак і Дзьмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію «За абарону правоў чалавека» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы (ССВЕ). Раней Судаленка быў ляўрэатам францускай прэміі «Свабода, Роўнасьць, Братэрства». Частку прэміі — а гэта 15 тысяч эўра — Судаленка выдаткаваў на дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Сьледзтва і суд расцанілі гэта як «фінансаваньне масавых беспарадкаў». Судаленка ў турме з 18 студзеня 2021 году. Разам зь ім судзілі валянтэрку «Вясны» Тацяну Ласіцу. Яна атрымала 2 з паловай гады пазбаўленьня волі.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.