Папярэдняй старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Беларусі 25 гадоў была Лідзія Ярмошына. Яна ўзначаліла структуру пасьля адхіленьня ад пасады Віктара Ганчара, які пазьней зьнік разам зь бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.
Ігар Карпенка — былы лідэр праўладнай Камуністычнай партыі. Да гэтага прызначэньня ён займаў пасаду міністра адукацыі.
Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Новакузьнецку Кемераўскай вобласьці Расеі. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і ангельскай мовы», Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны».
Пачынаў працаваць піянэрважатым у сярэдняй школе, быў сакратаром камітэту камсамолу, прарэктарам у выхаваўчай і сацыяльнай рабоце Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.
Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу трэцяга і чацьвёртага скліканьняў. Узначальваў камісію міжнародных спраў і сувязяў СНД.
У ліпені 2011 году яго прызначылі намесьнікам старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. У Менгарвыканкаме адказваў за ідэалягічную, грамадзка-палітычную дзейнасьць.
Карпенка быў у КПСС з 1984 году, удзельнічаў у адраджэньні Камуністычнай партыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ і першым сакратаром Менскага гарадзкога камітэту КПБ. У кастрычніку 2012-га яго выбралі першым сакратаром Цэнтральнага камітэту КПБ, якая зьяўляецца праўладнай і ўсяляк падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. З пасады кіраўніка партыі ён сышоў, калі стаў міністрам адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў двух кіраўнікоў аблвыканкамаў і ўзмацніў «вэртыкаль» сілавікамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына расказала, колькі будзе каштаваць рэфэрэндум, які плянуе Лукашэнка