Паліцыя паведамляе, што на мітынгу ў сталіцы Аўстрыі было каля 44 тысяч чалавек, дэманстрацыі супраць строгіх санітарных абмежаваньняў адбыліся чацьвёртыя выходныя запар, піша BBC.
У лістападзе Аўстрыя стала першай заходнеэўрапейскай краінай, якая зноў увяла строгія абмежаваньні, зьвязаныя з каранавірусам. Яны дзейнічаюць і для тых, хто прышчэплены. У нядзелю абмежаваньні для вакцынаваных завяршаюцца, але захаваюцца для непрышчэпленых людзей.
Пратэстоўцы, якіх падтрымлівае крайне правая Партыя свабоды, выступаюць супраць рашэньня ўраду зь лютага зрабіць вакцыны абавязковымі. Краіна першай у Эўразьвязе прыняла такое рашэньне, яно распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў, старэйшых за 14 гадоў, за выключэньнем асобных выпадкаў, зьвязаных са станам здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыя аб’явіла абавязковую вакцынацыю насельніцтваПратэстоўцы заяўляюць, што людзі павінны мець свабоду самастойна вырашаць, ці рабіць прышчэпку. Урад абяцае, што нікога не прышчэпяць сілай, але тыя, хто адмовіцца ад уколу, атрымаюць штраф да 3600 эўра.
Удзельнікі акцыі несьлі транспаранты з надпісамі «Не абавязковай вакцынацыі» і скандавалі «Мы — народ» і «Супраціў». Меншыя за венскую дэманстрацыі прайшлі ў гарадах Клягенфурт і Лінц.
Аўстрыя з насельніцтвам 8,9 мільёна чалавек зарэгістравала 1,2 мільёна інфэкцый на ўласнай тэрыторыі і больш за 13 000 сьмерцяў з пачатку пандэміі, паведамляў Унівэрсітэт Джона Гопкінса. Каля 68% насельніцтва краіны цалкам вакцынавана, гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Заходняй Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грэцыі ўвялі штомесячны штраф за адмову ад вакцынацыі для людзей старэйшых за 60 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстрыі прынёс прысягу новы канцлер — трэці за тры месяцы