Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі ўвялі штомесячны штраф за адмову ад вакцынацыі для людзей старэйшых за 60 гадоў


Улады Грэцыі вырашылі ўвесьці абавязковую вакцынацыю ад COVID-19 для жыхароў краіны старэйшых за 60 гадоў, паведамляе BBC News са спасылкай на заяву прэм’ер-міністра Кірыякаса Міцатакіса.

Як удаклядняе «Настоящее время», першую дозу вакцыны грэкі, старэйшыя за 60 гадоў, павінны атрымаць да 16 студзеня, у адваротным выпадку кожны месяц ім давядзецца плаціць адміністрацыйны штраф у 100 эўра.

«Гэта цана, якую трэба плаціць за здароўе», — пракамэнтаваў рашэньне ўладаў прэмʼер Міцатакіс.

Атрыманыя ад штрафаў грошы будуць акумулявацца ў адмысловым фондзе для фінансаваньня бальніц. Рашэньне аб абавязковай вакцынацыі Міцатакіс растлумачыў тым, што ў бальніцы краіны ў асноўным трапляюць непрышчэпленыя жыхары гэтай узроставай катэгорыі.

Апазыцыйная левая партыя «Сірыза» назвала новаўвядзеньні «карнымі». Як адзначае Reuters, памер сярэдняй пэнсіі ў краіне — 730 эўра.


З 11-мільённага насельніцтва Грэцыі цалкам вакцынаваныя 63%. Пры гэтым 520 тысяч грэкаў ва ўзросьце старэйшыя за 60 гадоў не атрымалі прышчэпкі.

Зь лютага 2022 года абавязковую вакцынацыю для ўсіх жыхароў зьбіраецца ўвесьці Аўстрыя. Пакуль у краіне рыхтуюць заканадаўчую аснову для гэтых захадаў. Паводле інфармацыі СМІ, улады разглядаюць магчымасьць штрафаваць тых, хто адмовіцца ад прышчэпкі, на 7200 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG