Галоўчанка расказаў, наколькі вырасьце прыбытак беларусаў у наступным годзе

Раман Галоўчанка

Асноўным мэтавым прыярытэтам на 2022 год застаецца рост дабрабыту насельніцтва. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падчас дакладу аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2022 год.

«Рэальныя наяўныя даходы вырастуць на 2 працэнты. Заработная плата прырасьце на 135 рублёў — да 1551 рубля, у работнікаў бюджэтнай сфэры — амаль на 125 — да 1241 рубля. Пэнсіі павялічацца больш чым на 70 рублёў — да 596 рублёў». — сказаў Галоўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы магчымы вынік «контрасанкцыяў» — рост цэнаў і павелічэньне карупцыі,— аналітык Барнукова

Як вынікае са справаздачы Нацыянальнага банку, за лістапад золатавалютныя рэзэрвы зьнізіліся на 80 млн даляраў.

Зьніжэньне ўзроўню міжнародных рэзэрвовых актываў па выніках лістапада фінансавы рэгулятар зьвязвае з плянавым пагашэньнем запазычанасьцяў — сума вонкавых і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце склала каля 275 млн даляраў.

Нацбанк разьлічвае, што з улікам наступных выплатаў па пазыках аб’ём міжнародных рэзэрвовых актываў на 1 студзеня 2022 году павінен скласьці ня менш за 6 млрд даляраў.

Па выніках 2020-га золатавалютныя рэзэрвы Беларусі скараціліся амаль на 2 млрд даляраў (да 7,5 млрд) у параўнаньні з папярэднім годам, або на 20,5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў вывозіць зь Беларусі пшанічную муку