ЗША прафінансуюць узмацненьне бясьпекі на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю і Расеяй

Мяжа Ўкраіны і Беларусі

ЗША ў 2022 годзе выдзеляць 20 мільёнаў даляраў на рэалізацыю праекту ва Ўкраіне па ўзмацненьні бясьпекі мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, сёньня быў падпісаны адпаведны плян супольных дзеяньняў.

Прадстаўніца Амбасады ЗША ва Ўкраіне Сара Лангенкамп паведаміла, што гэты праект накіраваны на выдзяленьне тэхнічнай дапамогі, каб павялічыць эфэктыўнасьць падразьдзяленьняў, якія ахоўваюць мяжу на паўночным і ўсходнім кірунках, а таксама для супрацьдзеяньня магчымым пагрозам, скіраваным супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

Праект стартуе са студзеня 2022 году, агульная сума дапамогі разглядаецца ў памеры 20 мільёнаў даляраў, — удакладніла Сара Лангенкамп.

У рамках гэтага праекту Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны атрымае бесьпілётныя авіяцыйныя сыстэмы, спэцыяльны транспарт, сродкі відэаманіторынгу, сувязі і экіпаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі расказалі, як будуць дзейнічаць у выпадку перамяшчэньня мігрантаў да мяжы з Украінай

Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю на тле міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі міністар: «Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы»

Пазьней міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што Ўкраіна цягам бліжэйшых двух гадоў завершыць уладкаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Міністар анансаваў, што ў 2022 годзе пачнецца «вялікае будаўніцтва мяжы».

«Гэта і інжынэрныя збудаваньні, выкананыя спэцыялістамі, і ўвогуле інтэлектуальная мяжа, якая дазволіць памежнікам на 100 адсоткаў кантраляваць мяжу нашай краіны», — паведаміў Дзяніс Манастырскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна плянуе «вялікае будаўніцтва» на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.