Рэдактар «Новой газеты» Муратаў згадаў Беларусь у нобэлеўскай лекцыі

Дзьмітры Муратаў атрымаў Нобэлеўскі мэдаль, Осла, 10 сьнежня 2021 г.

У сталіцы Нарвэгіі прайшла цырымонія ўзнагароджваньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі. Прэмію міру сёлета атрымалі расеец, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў і філіпінка Марыя Рэса.

У сваім нобэлеўскім выступе Муратаў прыгадаў міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу:

«У цэнтры Эўропы да падзеяў на ўсходзе Ўкраіны дадалася гульня на мяжы вялікай крыві беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі. Ягоныя вайскоўцы гоняць пад аўтаматамі ўцекачоў з Блізкага Ўсходу на ланцугі аўтаматчыкаў, якія ахоўваюць межы Эўразьвязу. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго, а ашалелыя людзі кідаюцца літаральна паміж двух агнёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муратаў і Рэса: прэс-канфэрэнцыя ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. УЖЫВУЮ

Мы журналісты, нашая праца зразумелая: падзяліць факт і хлусьню. Новае пакаленьне журналістаў-прафэсіяналаў умее працаваць зь вялікімі дадзенымі, з інфармацыйнымі базамі. І мы вывучылі іх, мы знайшлі, чые самалёты дастаўляюць уцекачоў у пункт канфлікту. Толькі факты.

Беларускія самалёты павялічылі рэйсы ў Менск з Блізкага Ўсходу восеньню гэтага году больш як у чатыры разы. Шэсьць рэйсаў было ў жніўні-лістападзе 2020 году і 27 рэйсаў — за тыя ж месяцы сёлета. 4,5 тысячы чалавек прывезла беларуская кампанія для магчымага прарыву мяжы сёлета, і толькі 600 чалавек — летась. А яшчэ столькі ж — 6000 уцекачоў — даставіла авіякампанія з Іраку.

Так і арганізуюцца збройныя правакацыі і канфлікты. Мы, журналісты, высьветліўшы, як гэта зроблена, зрабілі сваю працу. Далей — справа палітыкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён прыхільны сваім ідэалам». Як рэагуюць у Крамлі і ў Менску, калі крытыкам іх улады даюць Нобэля