Праз санкцыі літоўская мытня вярнула ў Францыю груз, які прызначаўся для «Белавія»

Самалёт кампаніі «Белавія»

Мытнікі не прапусьцілі абсталяваньне на падставе санкцый, пад якія падпаў беларускі авіяперавозчык.

«Рашэньне не афармляць экспартную дэклярацыю прынята, бо не была атрыманая дамова, якая даказвае, што ўгода падпісаная да 25 чэрвеня. Экспарт для ўключаных у санкцыйныя пакеты Эўразьвязу прадпрыемстваў на пазьнейшыя дамовы забаронены», — указана ў паведамленьні мытні, якое мае ў сваім распараджэньні агенцтва «Інтэрфакс».

Груз цаной 154 тысячы эўра, які плянавалася экспартаваць з Францыі ў Беларусь, гэта абсталяваньне для абслугоўваньня цывільных самалётаў. Тавар вернуты кампаніі Embraer Aviation France, зазначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які эфэкт будуць мець новыя санкцыі?

На мінулым тыдні Эўразьвяз ухваліў пяты пакет санкцый для 28 фізычных і юрыдычных асобаў (17 чалавек і 11 прадпрыемстваў Беларусі). Пад санкцыі трапілі пракуроры і судзьдзі, камандзіры памежных войскаў, а таксама авіякампанія «Белавія», гатэль «Плянэта», турапэратар «Цэнтаркурорт» ды іншыя.
Брусэль абвінавачвае Менск у гібрыднай атацы супраць краін Захаду з прыцягненьнем тысяч мігрантаў з Блізкага Ўсходу на межы Польшчы, Латвіі і Літвы.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».