Заплянаваныя адразу дзьве імпрэзы: узнагароджаньне ляўрэатаў прэміі ў праваабарончай галіне і міжнародны форум з удзелам журналісцкай супольнасьці.
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні 10 сьнежня а 15-й гадзіне распачне онлайн-цырымонію ўзнагароджаньня штогадовай Нацыянальнай прэміяй праваабарончай супольнасьці Беларусі за абарону і прасоўваньне правоў чалавека.
9 сьнежня праваабарончая супольнасьць назвала намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі за абарону і прасоўваньне правоў чалавека ў 2021 годзе.
«Праваабаронца году — 2021»:
Праваабаронца году — зьняволеная Марфа Рабкова.
Намінаваныя былі:
- Вольга Гарбунова
- Наста Лойка
- Марфа Рабкова.
«Журналіст году — 2021»:
Журналіст году — Дзяніс Івашын.
Намінаваныя былі:
- Марына Золатава
- Дзяніс Івашын
- Алена Талкачова.
«Праваабарончая кампанія/ініцыятыва году — 2021»:
Праваабарончая кампанія году —«Жнівень2020».
Намінаваныя былі:
- Маніторынг судоў валянтэрамі «Вясны»
- Ініцыятыва «Пішыце лісты» валянтэра Ільлі Міронава
- Міжнародны мэдыяпраект «Жнівень2020» (august2020.info).
Марфа Рабкова і Дзяніс Івашын утрымліваюцца за кратамі і
прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Як і яшчэ больш за 900 вязьняў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў.
Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў адбудзецца онлайн 10 сьнежня 2021 году, у дзень прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.
Трансьляцыя на старонцы Беларускага Дому правоў чалавека ў
Фэйсбуку.
Праваабарончая прэмія за дасягненьні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі ляўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснаваньня прэмія пашырылася, цяпер беларуская праваабарончая супольнасьць штогод адзначае праваабаронцу году, журналіста году, адваката году (да 2015 г.) і, упершыню ў 2016 г., праваабарончую кампанію ці ініцыятыву году – за ўнёсак у абарону і прасоўваньне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ абвясьціў пераможцаў прэміі «Вольнае слова»: частка пераможцаў і сяброў журы ў няволіФорум у Вільні
9 сьнежня ў Сейме Літвы распачаў працу прадстаўнічы міжнародны форум, прымеркаваны да Сусьветнага дня правоў чалавека. Акцэнт зроблены на становішчам са свабодай слова ў Беларусі.
Удзельнічаюць беларускія і літоўскія журналісты, прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’ерэгард і прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра.
Імпрэза пачалася з абвяшчэньня, што 31 прадстаўнік мэдыя ў Беларусі знаходзіцца ў няволі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага журналіста Андрэя Аляксандрава ўзнагародзілі літоўскай прэміяй «Надзея свабоды»