Улады імкнуцца выкарыстаць гісторыю як спосаб сваёй легітымізацыі і інструмэнт дыскрэдытацыі апанэнтаў. Яны хочуць прывязаць прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцяга да калябарантаў, якія разам з фашыстамі ажыцьцяўлялі генацыд. Схема ня новая. Яна выкарыстоўваецца ў палітычнай барацьбе ўжо шмат гадоў. Новае ў тым, што цяпер за «адмаўленьне генацыду» прадугледжваецца крымінальная адказнасьць.
Садзіць у турму за «няправільную» інтэрпрэтацыю гісторыі — гэта ня самым лепшым чынам характарызуе палітычны рэжым у краіне. Наўрад ці варта спрачацца наконт таго, якім тэрмінам характарызаваць фашысцкі тэрор на тэрыторыі Беларусі. Аднак, калі гаварыць пра гістарычны аспэкт гэтага закону, то тут існуе некалькі праблем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект: генацыд беларускага народу праводзіўся да канца 1951 году, за яго адмаўленьне – турмаПа-першае, калі гаварыць пра генацыд, то чаму не пашырыць часавыя рамкі, не ўключыць даваенны пэрыяд, не ўзгадаць ахвяраў тэрору савецкага таталітарызму? Хіба ў Курапатах ляжаць не прадстаўнікі беларускага народу?
Другая праблема, на якую зьвярнуў увагу нямецкі гісторык Аляксандар Фрыдман. Справа ў тым, што на тэрыторыі Беларусі было зьнішчана шмат габрэяў зь Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі, якіх нацысты дэпартавалі сюды падчас вайны. А ў законапраекце гаворка ідзе пра генацыд супраць беларускага народу. Як аддзяліць прадстаўнікоў беларускага народу ад габрэяў з Эўропы?
Па-трэцяе, неяк дзіўнавата гучыць згадка пра генацыд беларускага народу ў пасьляваенны пэрыяд. Зразумела, навошта гэта робіцца. Улады хочуць паставіць у адзін шэраг злачынствы фашыстаў падчас вайны і тэрор супраць беларускага насельніцтва на Беласточчыне, учынены атрадамі Рамуальда Райса («Буры») пасьля 1945 году. Гэта ідэалягічны і палітычны выпад супраць Польшчы. А заадно ўдар па Саюзу палякаў Беларусі, лідэры якога (Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс) сядзяць у турме якраз за ўшанаваньне «праклятых жаўнераў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея імкнецца перайграць гісторыю. Чатыры высновы да 30-годзьдзя распаду СССРТэрор быў, гэта ніхто не адмаўляе. Але антыкамуністычнае падпольле Польшчы, структуры Арміі Краёвай, якія ўсю вайну ваявалі з фашыстамі, назваць «памагатымі» нацысцкіх злачынцаў — гэта вялікае насільле над гісторыяй.
Аднак самае галоўнае ў тым, што спадзяваньні ўладаў чарговай апэляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны павярнуць на свой бок сымпатыі грамадзтва выглядаюць марнымі і ўтапічнымі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.