Агенцтва прааналізавала магчымыя крокі, якія можа зрабіць адміністрацыя Джо Байдэна на фоне цяперашняга абвастрэньня расейска-ўкраінскага канфлікту. Як гаворыцца ў публікацыі, Вашынгтон будзе стаяць перад няпростай задачай — з аднаго боку, пераканаць Украіну пайсьці на шэраг саступак на Данбасе, з другога — зрабіць так, каб гэта не выглядала перамогай Уладзіміра Пуціна.
Па словах былога амбасадара ЗША ў Кіеве Стывэна Пайфэра, рэгіёнам Данбасу, у прыватнасьці, можа быць прапанавана самакіраваньне ў сфэры аховы здароўя, адукацыі і праваахоўных органаў. Пайфэр падкрэсьліў, што Вашынгтон ня будзе падштурхоўваць Украіну да крокаў, «якія паставяць пад пагрозу яе сувэрэнітэт або здольнасьць нацыянальнага ўраду прымаць рашэньні».
Па дадзеных крыніцы AP, Украіна гатовая ўлічыць у заканадаўстве моўныя і культурныя асаблівасьці рэгіёнаў Данбасу, але катэгарычна супраць таго, каб яны мелі права вэта на прыняцьце агульнанацыянальных рашэньняў.
Наданьне «асобным раёнам Данецкай і Луганскай абласьцей» нейкага асаблівага статусу ў складзе Ўкраіны прадугледжана Менскімі пагадненьнямі, падпісанымі яшчэ ў 2015 годзе. Яны, аднак, практычна не выконваюцца. ЗША не зьяўляюцца ўдзельнікам пагадненьняў, хоць і заяўляюць пра іх падтрымку.
Як гаворыцца ў публікацыі AP, Байдэну таксама давядзецца прадэманстраваць далікатны падыход да пытаньня аб уступленьні Ўкраіны ў NATO. ЗША і іх саюзьнікі адкідаюць патрабаваньні Расеі наконт адмовы прымаць Украіну ў Паўночнаатлянтычны альянс. Аднак, паводле крыніцаў, высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту нядаўна даў Кіеву зразумець, што ў бліжэйшыя 10 гадоў прыняцьця краіны ў NATO чакаць ня варта.
Адмова ад прыняцьця Ўкраіны ў NATO — адна з так званых чырвоных ліній, пра якія нядаўна казаў Пуцін. Ён таксама настойваў на тым, каб ва Ўкраіне не разьмяшчаліся замежныя вайскоўцы і вайсковая інфраструктура. Гэтай рыторыкай суправаджалася нарошчваньне групоўкі расейскіх войскаў ля межаў з Украінай, якое на Захадзе і ў Кіеве палічылі падрыхтоўкай да магчымага ўварваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чуткі пра расейскае ўварваньне: Што кажуць украінскія вайскоўцы на Данбасе- 7 сьнежня падчас відэасаміту прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Ўкраіна стала галоўнай тэмай для абмеркаваньня. Байдэн, як прызналі абодва бакі, папярэдзіў Маскву, што збройная эскаляцыя абернецца для Расеі новымі жорсткімі санкцыямі. У той жа час бакі дамовіліся працягнуць бліжэйшым часам абмеркаваньне сытуацыі на ўзроўні высокапастаўленых прадстаўнікоў дзьвюх краінаў. Абмяркоўвацца будуць і расейскія патрабаваньні «гарантый бясьпекі».
- 9 сьнежня чакаецца тэлефонная размова Байдэна з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Затым прэзыдэнт ЗША паразмаўляе зь лідэрамі 9 краінаў-членаў NATO, разьмешчаных у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Ён таксама ў апошні тыдзень неаднаразова размаўляў зь лідэрамі Нямеччыны, Францыі, Італіі і Брытаніі.
- Як заявіў Байдэн напярэдадні, у пятніцу 10 сьнежня могуць быць вядомыя дадатковыя падрабязнасьці пра магчымыя перамовы з удзелам ЗША, іх саюзьнікаў і Расеі. У Крамлі ў чацьвер заявілі, што фармат гэтых перамоваў пакуль ня вызначаны.