Беларускія банкі далучыліся да расейскага аналягу SWIFT, створанага на выпадак санкцый

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь

Усе беларускія банкі падключыліся да Сыстэмы перадачы фінансавых паведамленьняў Цэнтральнага банку Расеі, рэгіянальнага аналягу SWIFT.

Як паведамляе РИА Новости, інтэграцыя сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў уваходзіць у адну з 28 саюзных праграмаў, якія Лукашэнка і Пуцін зацьвердзілі сёлета ў лістападзе.

Сыстэма перадачы фінансавых паведамленьняў зьявілася ў адказ на першую хвалю антырасейскіх санкцыяў у 2014 годзе, пад якую трапіў і шэраг банкаў. Гэтым Масква хацела засьцерагчыся ад магчымых праблемаў у выпадку адключэньня SWIFT. Банкі падключаюцца да сыстэмы шляхам падпісаньня адпаведных дамоваў з Цэнтрабанкам.

Тэма магчымага адключэньня Расеі ад SWIFT узьнікае кожны раз пры абвастрэньні супярэчнасьцяў з заходнімі краінамі. Але ў апошнія месяцы ў парадку дня апынулася і Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў сухім астатку па выніках дзяржсавету «саюзнай дзяржавы»?

Раней апанэнты палітычных рэжымаў у Расеі і Беларусі заклікалі фінансавыя інстытуты адключыць банкаўскія ўстановы дзьвюх краін ад міжнародных разьлікаў SWIFT у адказ на сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты працэс у выніку нічога ня дасьць». Павал Латушка аб падпісаньні Пуціным і Лукашэнкам дэкрэту «саюзнай дзяржавы»