Сёньня Байдэн правядзе Саміт за дэмакратыю. Ад Беларусі запрасілі Ціханоўскую

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Сёньня пачнецца Саміт за дэмакратыю, арганізаваны ЗША. Яго правядзе прэзыдэнт краіны Джозэф Байдэн у онлайн-фармаце. На саміт запрасілі прадстаўнікоў 110 дзяржаваў.

З краінаў былога СССР на саміце будуць лідэры дзяржаваў Балтыі, а таксама Ўкраіны, Малдовы, Грузіі і Армэніі. Ад Беларусі запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую. Няма Расеі, Кітаю і Турэччыны. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў раскрытыкаваў ідэю саміту, назваўшы яго «спробай правесьці новыя разьдзяляльныя лініі».

На саміце плянуецца ўзьняць пытаньні барацьбы з карупцыяй, павышэньня ўстойлівасьці дэмакратыі, абароны правоў чалавека і абароны ад аўтарытарызму. Мэта саміту — «сфармуляваць пазытыўны парадак дня дэмакратычнага абнаўленьня».

Двухдзённы саміт праводзіцца ў рамках выкананьня перадвыбарнага абяцаньня Байдэна ўмацоўваць дэмакратыю ва ўсім сьвеце на тле ўздыму аўтакратычных урадаў.

Сьвятлана Ціханоўская выступіць 10 сьнежня на тэму ўмацаваньня дэмакратыі і абароны ад аўтарытарызму.

8 сьнежня ў рамках Саміту прайшла дыскусія аб сытуацыі з палітычнымі вязьнямі ў сьвеце і аб тым, як можна ім дапамагчы. Адкрыў дыскусію дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Голасам Марыі Калесьнікавай і ўсіх беларускіх палітвязьняў стала сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч.

«Я зраблю ўсё магчымае, каб вызваліць Марыю,» – сказала яна.


Відэа паседжаньня з расейскім перакладам тут.

Сярод удзельнікаў дыскусій на Саміце таксама старшыня Эўракамісіі, прэзыдэнты і кіраўнікі ўрадаў шэрагу краін, кіраўнікі кампаній, грамадзкіх арганізацый, дыпляматы.

Паводле адміністрацыі Белага дома, сусьветным лідэрам будзе прапанавана абвясьціць аб «канкрэтных мерах і абавязаньнях ў правядзеньні значных унутраных рэформаў» у адпаведнасьці з дэмакратычнымі мэтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт Байдэн-Пуцін і контрасанкцыі Менску. Дыскусія экспэртаў

Незадоўга да саміту ўплывовы вашынгтонскі аналітычны цэнтар Атлянтычная рада (The Atlantic Council) апублікаваў разважаньні і рэкамэндацыі сваіх экспэртаў аб тым, як зрабіць мерапрыемства пасьпяховым. Аўтары артыкулу, сярод іншага, зыходзяць з таго, што Вашынгтон на саміце сфакусуе ўвагу на падтрымцы «вольных і незалежных СМІ, гарантыях свабодных дэмакратычных выбараў», а таксама падтрымцы актывістаў. Гаворачы пра абавязаньні, якія могуць быць узятыя ў пляне ўмацаваньня дэмакратыі, яны адзначаюць, што такімі можа стаць прыняцьце іншымі краінамі сваіх вэрсій дзейнага ў ЗША закону Магніцкага як мэханізму для санкцый у адказ на парушэньні правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расею непакоіць магчымасьць прыняцьця Ўкраіны ў NATO