Ці пагражаюць санкцыі дзяржаўнасьці? Дыскусія экспэртаў

Ці мае рацыю Макей, кажучы, што Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца? Ці ёсьць альтэрнатыва санкцыйнай палітыцы? Які вынік спалучэньня санкцыяў зь перамовамі? Якія мэты санкцыйнай палітыкі?

Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, доктар паліталёгіі Павал Вусаў.

Мацукевіч

  • Пра магчымасьць страты незалежнасьці Макей казаў і на пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі.
  • Я часткова зь ім згодны.

Павал Мацукевіч

  • Санкцыйны ціск усё глыбей уціскае нас у Расею, хочам мы гэта прызнаваць ці не.
  • Прычына — паводзіны беларускіх уладаў.
  • Можна было 9 жніўня 2020 году правільна падлічыць галасы, і тады да гэтага не дайшло б.

Вусаў

  • На маю думку, дэмантаж беларускай дзяржаўнасьці непазьбежны.
  • Узятыя ў закладнікі ня толькі грамадзяне Беларусі, але і сама краіна.
  • Парадыгма санкцыяў зараз на Захадзе дамінуе, і зьмены палітыкі адносна беларускага рэжыму ня будзе.
  • Чыньнікі дэмантажу незалежнасьці — падпісаньне 28 саюзных праграмаў, стварэньне расейскіх вучэбна-баявых цэнтраў у Беларусі, заявы Лукашэнкі пра ядзерную зброю.

Павал Вусаў

  • Незалежнасьць краіны ўжо зьнішчаная.
  • У адрозьненьне ад Крыму і Данбасу, у Беларусі самі ўлады дэмантуюць дзяржаўнасьць сваёй краіны.
  • Пазытыўнае стаўленьне да Расеі ў Беларусі даволі шырока распаўсюджанае.
  • Частка насельніцтва зьвязвае надзеі на лепшае з Расеяй.
  • Адзінае, што можа прадухіліць гэта, — гэта санкцыі адносна Расеі за прыхаваны працэс захопу Беларусі.

Мацукевіч

  • Да жніўня 2020 году Беларусь усё ж у бок Расеі ня рушыла.
  • Яшчэ ў жніўні летась мы сустракалі танкеры зь нерасейскай нафтай.
  • З майго гледзішча, любыя санкцыі, нават візавыя, ствараюць кепскую рэпутацыю краіне, адносна якой яны ўводзяцца.
  • Гэтыя санкцыі ствараюць праблемы з гандлем, і Беларусь знаходзіць схемы абыходу санкцыяў у Расеі.
  • І гэтая залежнасьць — мацнейшая, чым тая, якая задаецца інтэграцыйнымі пагадненьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Званок Мэркель Лукашэнку — капітуляцыя ці перамога?
  • Расея мае калясальны ўласны досьвед абыходу санкцыяў, накладзеных на яе за Крым і Данбас.
  • Ствараюцца вучэбна-баявыя цэнтры, пераключаецца на Расею экспарт ключавых беларускіх тавараў.
  • Пад санкцыйны «шумок» адбываецца тое, чаго Расея дамагалася ад Беларусі дзесяцігодзьдзямі.
  • Калі паглядзець на досьвед краінаў, адносна якіх уводзіліся санкцыі Радай бясьпекі ААН, зьмены ў гэтых краінах адбываліся праз шмат гадоў пасьля ўвядзеньня гэтых санкцыяў.

Вусаў

  • Калі мы будзем разважаць пра сытуацыю ў кантэксьце магчымай вайны Расеі з Украінай, Беларусь ператворыцца ў адзін з фарпостаў Расеі і пляцдарм для нападу на Ўкраіну.
  • Для Расеі важна, каб Беларусь была ў гэта заангажаваная наўпрост, ажно да ўдзелу Беларусі ў баявых дзеяньнях, у прыватнасьці, сіламі спэцыяльных апэрацый.
  • Калі пачнецца адкрыты ваенны канфлікт, нэўтральных тэрыторыяў ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі абвясьціў, чым адкажа на санкцыі краін Захаду
  • Тады пра санкцыі адносна Расеі за яе палітыку адносна Беларусі будзе недарэчна гаварыць, будзе глябальная эканамічная вайна.
  • Тады мы будзем разважаць пра магчымасьць Трэцяй сусьветнай вайны.
  • Калі ж дзеяньні Расеі на мяжы Ўкраіны — гэта толькі ціск, прымус Захаду да дыялёгу аб сфэрах уплыву, то тады будзе іншы расклад.
  • Калі Захад на гэта пагодзіцца, ён таксама не наважыцца ўводзіць санкцыі адносна РФ за яе палітыку ў Беларусі.

Мацукевіч

  • Пасьля кантактаў Мэркель з Лукашэнкам і Бурэля з Макеем напружаньне на мяжы зьнізілася, і самалёты павезьлі мігрантаў назад.
  • Можна прыгадаць ранейшыя эпізоды: кантакты Ватыкану з Лукашэнкам, у выніку якіх архібіскуп Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, званок дзяржсакратара ЗША Пампэо Лукашэнку, у выніку якога быў вызвалены паліттэхноляг Шкляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца»
  • З дыктатарамі можна вырашаць любыя пытаньні, акрамя тых, якія тычацца іх улады.
  • Адносна Лібіі, Югаславіі, Ірану задача ня ставілася зрынуць рэжым.
  • Чаму гэта ня можа быць паўторана адносна Беларусі?
  • Гэта аддаляе нас ад парадку дня дэмакратычных сілаў — ад новых выбараў.
  • Але хіба гэты парадак дня ў цяперашніх умовах актуальны, рэалістычны?

Вусаў

  • У нашай гісторыі мы мелі пэрыяды дыялёгу. Яны ўсё роўна прыводзілі да ўнутраных рэпрэсіяў.
  • Гэтак было ў 2009–2010 гадах і ў 2015–2020 гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Санкцыі ня ставяць рэжым на калені, яны дэстабілізуюць Лукашэнку і правакуюць на неадэкватныя адказы
  • Тое, што мэта дыялёгу — дэмакратызацыя дыктатара, — гэта ілюзія.
  • Любыя выбары ва ўмовах дыялёгу, «адлігі» прыводзяць да крызісу і рэпрэсіяў.
  • Трэба ўлічваць, што ў папярэднія цыклі санкцыяў-дыялёгу Расея была іншай, чым яна стала ў 2014 годзе.

Мацукевіч

  • Санкцыямі ў спалучэньні зь перамовамі можа вырашаць пытаньні, якія ня тычацца ўлады.
  • Пытаньне ня ў тым, каб зрабіць Лукашэнку больш дэмакратычным.
  • Пытаньне — каб вызвалілі людзей, каб спыніліся рэпрэсіі.
  • Санкцыі ніяк не дапамагаюць вырашэньню гэтых пытаньняў.
  • Нельга ж сказаць, што за паўтара года грамадзянская супольнасьць умацавалася і вось-вось зьнясе гэтага аслабелага «бацьку».
  • У кайданках беларусы гэты рэжым не зьнясуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уводзяць санкцыі, гавораць пра палітычны крызіс, а экспарт зь Беларусі расьце. Што адбываецца
  • Я ўпэўнены, што патрэбны яшчэ адзін такі пэрыяд «адлігі», які быў у 2014–2020 гадах.
  • І, магчыма, на новым цыклі атрымаецца нешта зрабіць.
  • Беларусы не кантралююць такі інструмэнт, як санкцыі.
  • Іх уводзяць заходнія краіны, заходзячы зь іх лёгікі, са значнасьці, адчувальнасьці тых ці іншых падзеяў і інцыдэнтаў.
  • Для іх былі адчувальнымі інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта і міграцыйны крызіс.
  • Пасьля двух званкоў Мэркель напружаньне на мяжы зьнізілася.

Вусаў

  • У заходніх палітыкаў, на жаль, няма ясных і канкрэтных мэтаў адносна Беларусі.
  • Захад дзейнічае рэактыўна, ён толькі рэагуе на дзеяньні беларускай улады і Расеі.
  • Дэкляратыўная мэта санкцыяў — каб у Беларусі адбыліся зьмены.
  • Такія ж мэты ставіліся і ў 2006 годзе, і ў 2011 годзе, калі ўводзіліся папярэднія санкцыі.

Што было раней

«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца. Хоць мы зробім усё, каб такога ня здарылася, а Эўрапейскі Зьвяз назаўжды страціць Беларусь. І я думаю, што гэта абсалютна не ў інтарэсах Эўропы», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пасьля ўдзелу ў пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў дзяржаваў АБСЭ.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.