Пра гэта гаворыцца ў дакладзе нямецкай няўрадавай арганізацыі Libereco сумесна з прафсаюзам беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Дасьледчыкі прааналізавалі 960 рэклямных ролікаў, якія паказалі «Беларусь-1», АНТ і СТВ ад 15 да 21 лістапада. Вынік: 58% разьмешчаныя заходнімі кампаніямі, 30% — беларускімі, 12% прыпадае на долю вытворцаў з Расеі, Украіны, Індыі, Паўднёвай Карэі і некаторых іншых.
«Мы шакаваныя тым, што нямецкія кампаніі фінансуюць тэлеканалы Лукашэнкі за кошт рэклямных сродкаў, нягледзячы на шматлікія задакумэнтаваныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Перад і пасьля прапагандысцкіх выпускаў навін і праграмаў, у якіх вывальваюць тоны бруду на крытыкаў рэжыму, кампанія Henkel дае рэкляму мыйных сродкаў. Калі мэдычнае абслугоўваньне 900 палітвязьняў зусім неадэкватнае, нямецкія фармацэўтычныя кампаніі рэклямуюць свае лекі. Гэтыя вельмі сумнеўныя з маральнага пункту гледжаньня акцыі павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Марка Фібэр, кіраўніца нямецкага аддзяленьня Libereco.
Такім чынам, больш за ўсё рэклямных ролікаў разьмясьцілі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах наступныя кампаніі:
- Mars (ЗША),
- Procter & Gamble (ЗША),
- Henkel (Нямеччына),
- Sanofi (Францыя).
- Queisser Pharma (Нямеччына),
- Grindeks (Латвія),
- Colgate-Palmolive (ЗША),
- PepsiCo (ЗША),
- Dr. Theiss Naturwaren (Нямеччына),
- Sandoz (Швайцарыя),
- GlaxoSmithKline (Вялікая Брытанія),
- Jacobs (Нідэрлянды),
- A1 (Аўстрыя)
- і Danone (Францыя).