У ЗША падрыхтавалі закон аб вывучэньні ў школах гісторыі камунізму і ГУЛАГу

Статуя Леніна на даху будынка ў Нью-Ёрку.

Рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША прадставілі законапраект, які заахвочвае школы ўключаць у навучальныя праграмы гісторыю камунізму.

Дакумэнт прадставіла на прэсавай канфэрэнцыі кангрэсвумэн з Флорыды Марыя Салазар, якая нарадзілася ў сям’і кубінскіх эмігрантаў. Яго распрацоўвалі 60 чальцоў ніжняй палаты амэрыканскага парлямэнту.

Па словах Салазар, траціна прадстаўнікоў пакаленьня Z, якія нарадзіліся ў пэрыяд з 1997 па 2012 год, добразычліва ставяцца да камунізму, а больш за 40 працэнтаў міленіялаў «кажуць, што мала ведаюць аб марксізме». Дэпутат лічыць, што школы мусяць даць жыхарам больш ведаў пра гэта.

«Праўда ў тым, што камунізм — гэта рак, — заявіла Салазар. — Адзіная роўнасьць, якую забясьпечвае камунізм, — гэта быць аднолькава беднымі, аднолькава галоднымі, аднолькава прыгнечанымі і аднолькава высланымі».

«Амэрыканскія навучэнцы павінны ведаць аб савецкіх ГУЛАГах, як Сталін наўмысна марыў голадам 3, 5 мільёна ўкраінцаў, — заявіў кангрэсмен Дэн Крэншоў з Тэхасу. — Яны павінны ведаць аб культурнай рэвалюцыі Мао, у выніку якой загінулі дзясяткі мільёнаў кітайцаў. Яны павінны ведаць аб сучасным рабстве, у якім наўпрост цяпер жывуць мусульмане-уйгуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні слова пра ГУЛАГ і Галакост. Якія асноўныя падзеі найноўшай гісторыі вывучаюць 11-клясьнікі

Паводле яго, законапраект закліканы гарантаваць, што камунізм «застанецца на звалцы гісторыі — там, дзе яму і месца». «Школьнікі павінны ведаць, што азначае футболка з партрэтам Чэ Гевары, якую носіць іх аднаклясьнік», — дадаў ён.

  • У чэрвені губернатар-рэспубліканец Рон Дэсантыс падпісаў закон, які патрабуе выкладаньня гісторыі камунізму ў дзяржаўных сярэдніх школах штату Флорыда. На цырымоніі падпісаньня ён зазначыў, што выпускнікі школ павінны ведаць аб небясьпецы таталітарных ідэалёгій.