Ва Ўкраіне абвяргаюць парушэньне паветранай прасторы Беларусі ўкраінскім вайсковым верталётам

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны зьняпраўдзілі інфармацыю аб парушэньні паветранай прасторы Беларусі ўкраінскім верталётам Мі-8.


«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Парушэньня паветранай прасторы пілёты не дапусьцілі», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, у межах спэцыяльнай апэрацыі «Палесьсе», што пачалася 23 лістапада, сапраўды павялічылася колькасьць выкарыстаньня авіяцыі для маніторынгу мяжы зь Беларусьсю.

«Сёньня авіяцыя таксама выкарыстоўвалася, аднак пілёты не дапусьцілі парушэньняў паветранай прасторы Беларусі ў часе палётаў», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь сёньня заявіў, што ўкраінскі вайсковы верталёт падчас вучэньняў парушыў дзяржаўную мяжу і на адзін кілямэтар заглыбіўся на тэрыторыю Беларусі. Дзяржаўныя беларускія СМІ сьцьвярджаюць, што парушэньне адбылося ненаўмысна. Для пацьверджаньня памежнікі апублікавалі відэа.

З 23 лістапада Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю праводзяць у пяці памежных зь Беларусьсю абласьцях Украіны спэцыяльныя вучэньні «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.

19 лістапада міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.