Сёньня на наша пытаньне адказвае Ўладзімер Арлоў.
— Парадавала ўжо само Вашае пытаньне, бо найчасьцей цяпер чуеш зусім іншыя.
У жыцьці прафэсійнага літаратара сярод найважнейшых падзеяў, здольных падараваць радасьць, — зьяўленьне новых кнігаў, хоць радасьць гэтая найчасьцей вельмі спэцыфічная: з гулкай спустошанасьцю, выразным прысмакам ці, дакладней, пасмакункам расчараваньня…
У 2021-м новыя кнігі ў мяне не выходзілі, толькі мроіліся, сьніліся, будзілі сярод ночы, намагаліся нарадзіцца ў пакутлівых, як зазвычай, чарнавіках-крамзолях, якія праз пару дзён няпроста расчытаць і самому аўтару, бо чарнавікі — зь бясконцымі дадаткамі і дадаткамі да дадаткаў, прытарнаванымі да старонак канцылярскімі сашчэпкамі, а першы варыянт тэксту, як і даўней, пішацца ад рукі. Усё гэта мучыла, але і ўсьцешвала сваёй своеасаблівай няпростай радасьцю, нават змушала на самоце падыйсьці да люстэрка ды самому сабе падміргнуць і ўсьміхнуцца: не здаюся!
Карацей, новыя мае кнігі ня выйшлі, хоць адна нібыта і мусіла пабачыць сьвет у даўно цяжарным ёю выдавецтве. Але парадавалі тры кнігі перакладаў: у Львове (Выдавництво Старого Лева) выйшла кніга прозы «Краявід з мэнтолавым пахам», а ў Кіеве «Люта справа» выдала кнігу паэзіі «Усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся». Абедзьве загучалі па-ўкраінску ў бліскучых перастварэньнях Аляксандра Ірванца, выдатнага паэта, празаіка і перакладчыка, сярод твораў якога, дарэчы, перакладзены і на беларускую мову раман «Рівне/Ровно» — антыўтопія пра падзел Украіны, што цяпер сталася трагічнай рэальнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Арлоў: вялікі пісьменьнік малой літаратурыЯшчэ адзін выбітны паэт і перакладчык, ужо польскі, Багдан Задура пераўвасобіў маю кнігу балядаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Гэтае дзьвюхмоўнае выданьне зьявілася дзякуючы люблінскім «Варштатам Культуры» і, што вельмі істотна, не паўтарыла беларускі арыгінал, а сабрала пад сваю густоўную вокладку і новыя баляды, у выніку чаго атрымаўся дыхтоўны без малага 500-старонкавы том. Багдан ня раз прымусіў мяне ня толькі ўсьміхнуцца, але і засьмяяцца сваімі дзівоснымі экспэрымэнтамі зь лексыкай, у прыватнасьці, ненарматыўнай, з прычыны чаго ад прыкладаў устрымаюся. Але аўтар і перакладчык згодныя, што без такой лексыкі адэкватна рэагаваць на сёньняшнюю рэчаіснасьць часам проста немагчыма.
Ну, а на схіле году мяне ўсьцешылі два аўдыёспэктаклі: зоркі Купалаўскага тэатру на чале зь Віктарам Манаевым запісалі мой «Ордэн Белай Мышы» (як быццам сапраўды ўзнагародзілі ордэнам), а на польскім радыё зрабілі таксама амаль 40-хвілінны густоўны мастацкі запіс баляды «Апоўначы ў лёнданскім доме».
Парадавалі сёлета вынікі прэміі Гедройця. Вядома, — і посьпехі сяброў ды калегаў. Сяргей Абламейка ў дзьвюх кнігах выдаў свой «Невядомы Менск», Сяргей Навумчык — «Дзевяноста шосты». Уладзімер Някляеў гэтымі днямі прэзэнтуе раман «Гэй Бэн Гіном» — пра Янку Купалу, Беларусь і беларусаў з пошукам адказаў на адвечныя пытаньні нашага нацыянальнага быцьця-небыцьця. Лявон Баршчэўскі скончыў перакладаць «Замак» Франца Кафкі…
«Стаім мы перад будучыняй нашай…» Беларуская літаратура працягвае працаваць на гэтую будучыню. Адзіны ў краіне пісьменьнік, які ўжо ня мае ніводнага чытача, застаецца ў «Ордэне Белай Мышы».
Уладзімер Арлоў — пісьменьнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ды і само складаньне лістоў таксама мяне радавала». Юлія Цімафеева пра добрае ў 2021-м ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасьці, дабрыні, любові». Палітвязень Андрэй Аляксандраў пра добрае ў 2021-м ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я знайшла ў памяці моцнае ўражаньне і пачуцьцё радасьці». Сьвятлана Алексіевіч пра добрае ў 2021-м