2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: сьнежань

Поль Сэзан, «Бацька мастака чытае L'Événement» (1866)

Гісторыкі перакваліфікоўваюцца ў паэтаў, біблейскія Запаветы грашаць чорным гумарам, клясыкі ідышу і іўрыту гавораць па-беларуску, а памерлыя Нобэлеўскія ляўрэаты прадказваюць будучыню ўладара адной невялікай эўрапейскай д’яблакратыі. І ўсё гэта — у кніжных навінках сьнежня.

Наш традыцыйны кніжны агляд выдавецкіх навінак — у першую суботу месяца.

Паэзія

Сяргей Тарасаў. «Юстынкі». Менск, «Цымбераў».

Аўтар — знаны археоляг, выбітны знаўца беларускай даўніны, справай усяго жыцьця якога стала вывучэньне гісторыі Полацкага княства. Вынікі навуковых дасьледаваньняў зьмешчаныя на старонках шматлікіх выданьняў Сяргея Тарасава. А яго кніга «Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая. Яе час, яе Крыж», якая зьявілася з друку паўгоду таму, стала сапраўднай сэнсацыяй для многіх чытачоў.

І вось Сяргей Тарасаў зноў зьдзіўляе. Гэтым разам незвычайнай паэзіяй. «Юстынкі» — гэтым словам аўтар пазначае жанр сваіх твораў і называе кнігу.

Медуніца
Медуніца лугавая
Чом ня пахнеш
Чом ня пахнеш на ўсім лузе
На прамежжы недарэка
На граніччы разьмяжаецца
Дробны мелкі мятлік
Мікрыцца драбнічны
Ў ціхай роспачы хаморыцца
Мо ўсьцішыцца
Драбінка

«Юстынкі» — гэта вершы, якія ўзьнікалі як рэфлексіі ў часе чытаньня «Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка» Вацлава Ластоўскага. Новае слова нараджала новы верш. Сабраныя пад адной вокладкай яны сталі вялікай падзякай Вялікаму Чалавеку.

у Замець кінуцца
ў Шугавею
шпургаць ад Мсьцежы
крушыць
у Завею
Ці будзе то
Зялеза
Медзь
ці
Цына
паветраны камень зьмяце Агніскаю

Проза

Сяргей Календа. «Дэкалёг». Менск, «Логвінаў».

Новая пятнаццатая кніга Сяргея Календы — гэта дзесяць гісторый, напісаных паводле дзесяці Запаветаў. Аўтарская інтэрпрэтацыя кананічных тэкстаў. Аповеды для людзей, якім падабаецца чытаць паміж радкоў, марыць і адкрыта глядзець на новыя зьявы, падзеі, рэчы.

Сам аўтар гаворыць, што задумаў «Дэкалёг» з-за жаданьня патлумачыць біблейскія ісьціны і адначасова заблытаць іх. «Для мяне вялікай дылемай было выбраць трактоўку Запаветаў. Я спыніўся на „Кароткім Катэхізісе“ Марціна Лютэра: тлумачэньні падаліся мне найбольш адпаведнымі сучаснасьці. Што тычыцца сьмяротных грахоў, чытачу будзе цікава знайсьці іх самастойна, я толькі пералічу: грэх гневу, грэх сквапнасьці, грэх абжорства, грэх распусты, грэх ганарыстасьці, грэх роспачы, грэх зайздрасьці», — кажа Сяргей Календа і падсумоўвае вынікі сваіх задумак: «На кнігу прыпадаюць чатыры сьмерці, два вар’яцтвы, адно зьнікненьне, летаргічны сон, расчараваньне ў быцьці і чорная скруха».

Аматарам пасмакаваць чорны гумар у цнатлівых сьвятынях задавальненьне гарантаванае.

Мэндэлэ Мойхер-Сфорым. «Падарожжы Беньяміна III». Пераклад з іўрыту Паўла Касьцюкевіча. Менск, «Логвінаў».

Гэта сатырычны раман пра чалавека, якi нечакана для сябе вырываецца зь яжджалай каляіны звыклага ладу жыцьця ды імкнецца ўсьлед за сваёй мрояй. Месца дзеяньня — беларускае мястэчка. Героі — тутэйшыя людзі. Гэта кніга цудаў і хаджэньняў выбітнага ваяжора Беньяміна і яго адданага збраяносца Сэндэрла, якія выправіліся з роднага мястэчка ў фантастычныя краіны Ўсходу. Па дарозе іх напаткалі дзівосныя прыгоды і лёсавызначальныя сустрэчы.

Мэндэлэ Мойхер-Сфорым — імя гэтага пісьменьніка вядомае далёка за межамі яго роднай Беларусі. Ён — усьмешлівы пачынальнік сур’ёзнай габрэйскай літаратуры. Той, хто вярнуў біблійную мову іўрыт, а таксама ўключыў мову мястэчак — ідыш, у шэрагі чынных і плённых гульцоў сусьветнага пісьменства.

Аўтар напісаў гэты раман на ідышы ў ХІХ стагодзьдзі, у ХХ перастварыў на іўрыце, а цяпер, у ХХІ стагодзьдзі, пасьля перакладаў на шматлікія мовы сьвету, выходзіць беларуская вэрсія, падрыхтаваная Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны ў супрацы з выдавецтвам «Логвінаў».

Габрыэль Гарсія Маркес. «Восень патрыярха». Пераклад з гішпанскай Сяргея Шупы. Менск «Янушкевіч».

Выдаўцы анансуюць кнігу як раман у шасьці абзацах, ад чытаньня якога не спыніцца. Сапраўдны канон сусьветнай літаратуры. Злабадзённы для Беларусі, актуальны для ўсяго сьвету. Няпросты і велічны раман — пра ўнівэрсальныя паняцьці ўлады і адзіноты. «Паэтычная проза» нобэлеўскага ляўрэата Габрыэля Гарсія Маркеса прадстаўляе даўжэзнае жыцьцё самотнага кіраўніка каралеўства смутку і тугі, які пад ціскам сваёй неабмежаванай улады становіцца яе вязьнем. Ад міласэрнасьці да падману, ад добразычлівасьці да гвалту, ад страху перад Богам да надзвычайнай жорсткасьці... Патрыярх, ён жа генэрал сусьвету, увасабляе найлепшае і найгоршае ў чалавечай прыродзе.

Выхад кнігі заплянаваны на 17-20 сьнежня.

Нон-фікш

Мікола Равэнскі. Дакумэнты і матэрыялы. Укладальнікі Віктар Скарабагатаў і Ўладзімер Ляхоўскі. Менск, «Тэхналёгія».

У выдавецтве «Тэхналёгія» за апошнія гады пасьлядоўна выдадзены пяць зборнікаў нотных твораў Міколы Равэнскага. У сьнежні сэрыя папоўніцца яшчэ адным томам. У ім музыказнаўчыя працы Міколы Равэнскага, архіўныя дакумэнты, датычныя жыцьця славутага кампазытара, водгукі сучасьнікаў і дасьледчыкаў, а таксама поўны каталёг яго музычных твораў. Выданьне мае хранаграфію жыцьця аўтара гімна «Магутны Божа», бібліяграфію і дыскаграфію, пералік месцаў захаваньня спадчыны, а таксама паказальнік імёнаў.

Лявон Баразна. Каляндар 2022. Менск, «Тэхналёгія».

Лявон Баразна — выдатны мастак, этнограф і скарыназнаўца. Вывучаючы народнае мастацтва, ён шмат падарожнічаў па родным краі. Вынікам гэтых вандровак сталі тры вялікія альбомы: «Беларускі народны арнамэнт Палесься», «Беларуская народная вопратка» і «Арнамэнт Гарадзеншчыны». На народнай аснове ён стварыў сцэнічныя касьцюмы для паўтара дзясятка самадзейных калектываў.

Упершыню сабраў мастацкую спадчыну беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара і падрыхтаваў да выданьня альбом «Гравюры Францыска Скарыны».

Разам з Зянонам Пазьняком бараніў ад зьнішчэньня старую Нямігу.

Заўсёды і з усімі гаварыў па-беларуску. Менавіта зь яго пачалася традыцыя шанаваньня айчыннымі мастакамі роднае мовы.

Налета 15 жніўня спаўняецца 50 гадоў з часу трагічнай гібелі Лявона Баразны. (Заўвага. У энцыкляпэдыях няправільна падаецца дата нараджэньня мастака).

Дзіцячая літаратура

«Ціў-ціў-ціў» № 3. Вясёлая маляванка для дзіцянятак-птушанятак. Менск, «Тэхналёгія».

Мастачка Валерыя Вікторчык намалявала трэці выпуск свайго сшытачка з заданьнямі для малых. Яна мае глыбокае разуменьне дзіцячай псыхалёгіі і далікатны густ, таму яе заданьні ненавязьлівыя і дасьціпныя. Выканаўшы нейкае заданьне «Ціў-ціў-ціў», малюнак да яго можна расфарбаваць, а пасьля — выразаць і працягнуць гульню з фігуркай або ўпрыгожыць ёю жытло, ці калядную ялінку. Ці парадаваць сяброў на Новы год, падарыўшы ім вясёлую маляванку «Ціў-ціў-ціў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: лістапад