«Адбылася канцэнтрацыя войскаў непадалёк ад нашых межаў, потым асабісты склад адводзіўся ў месцы сталай дысьлякацыі, а тэхніка заставалася. Гэта дазваляе супраціўніку скараціць час на разгортваньне. Цяпер вакол Украіны ды ў часова акупаваным Крыме ў пастаяннай гатоўнасьці знаходзіцца 41 батальённа-тактычная група, зь іх 33 — на сталай аснове, іншыя дадаткова перакінутыя ў Крым. Агульная колькасьць войска, якое можа быць задзейнічанае ў эскаляцыі, ацэньваецца ў 94,3 тысячы асобаў», — паведаміў Аляксей Рэзьнікаў у часе выступу 3 сьнежня ў парлямэнце.
Паводле яго, Расея актывізавала сваю выведку, правярае сувязь і ажыцьцяўляе захады для маскаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея ўзімку пачнуць вучэньні каля ўкраінскай мяжы«На мінулым тыдні адбылося ўзмацненьне танкамі і бранятэхнікай груповак у Бранскай і Смаленскай абласьцях. У выпадку ўваходу двух вялікіх дэсантных караблёў Балтыйскага флёту ў Міжземнае і Чорнае мора іхная агульная колькасьць у рэгіёне павялічыцца да дзевяці. Разам з катэрамі гэта дазволіць супраціўніку адначасова перакідваць да трох тысяч вайскоўцаў і да 250 адзінак баявой бранявой тэхнікі. Гэта сьведчыць пра захаваньне ўзроўню напружанасьці ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне», — дадаў украінскі міністар.
Аляксей Рэзьнікаў падкрэсьліў, што бачаньне Ўкраіны аб чарговай падрыхтоўцы Расеі да эскаляцыі ваеннай сытуацыі супадае з ацэнкамі замежных партнэраў і выведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO заклікаў альянс рыхтавацца да горшага ва Ўкраіне«Наша выведка аналізуе ўсе сцэнары, уключна з найгоршымі. Яна (выведка) адзначае, што імавернасьць маштабнай эскаляцыі з боку Расеі існуе. Найбольш верагодным часам дасягненьня гатоўнасьці да эскаляцыі будзе канец студзеня. Падкрэсьліваю: эскаляцыя ёсьць імаверным, але не абавязковым сцэнаром», – паведаміў ён.
Аляксей Рэзьнікаў адзначыў, што Расея ўжо выкарыстоўвае сэрыю неваенных захадаў – інфармацыйных, эканамічных і энэргетычных, – каб справакаваць дэстабілізацыю ў краіне, якая ў сваю чаргу можа аслабіць абарону.
«Пасьля дэ-факта аншлюсу Беларусі ў нас дадалося звыш тысячы кілямэтраў мяжы, якую трэба абараняць, асабліва ў зімовы пэрыяд. Мы разумеем усе рызыкі і рыхтуемся», – заявіў міністар абароны Ўкраіны.