Палітвязьня Данііла Скіпальскага зьбілі пасьля прысуду
Пра зьбіцьцё ў мазырскім ІЧУ палітзьняволенага футбольнага фаната Данііла Скіпальскага паведамляе «Вясна».
23 лістапада суд пакараў 20-гадовага Данііла 3 гадамі пазбаўленьнем волі.
На спатканьні з маці хлопец распавёў, што калі пабачыў падчас прысуду сваіх сваякоў і блізкіх, абурыўся несправядліваму пакараньню і таму, што не мог бачыць родных праз закрытыя паседжаньні.
Паводле Данііла, на эмоцыях пасьля прысуду ўжо ў ІЧУ ён пачаў буяніць. Каб супакоіць хлопца міліцыянты пачалі яго моцна зьбіваць. Маці адзначыла, што сьлядоў пабояў на твары не відаць, але размаўляе яе сын «у нос». Акрамя гэтага, хлопец паскардзіўся, што да гэтага часу не можа адмыць ручнік ад крыві.
Па словах Данііла, яму зрабілі нейкі ўкол, каб супакоіць. Таксама ў палітвязьня пачаліся праблемы з зубамі. З-за дрэнных умоваў за кратамі, у яго выпаў зуб. Пры гэтым, лекары адмаўляюцца лячыць хлопца.
Канфіскаваны Ford Віктара Бабарыкі прадалі за 19 595 рублёў
У аўкцыёне, на якім прадавалі машыну Ford Fiesta 2015 году, удзельнічалі 6 чалавек. Раней яна належала былому старшыню «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку. Ford пасьля затрыманьня Бабарыкі канфіскаваў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, цяпер яго вырашылі прадаць дзеля кампэнсацыі «шкоды», якую нібыта нанёс банкір. Стартавая цана лоту была 17 тысяч беларускіх рублёў. У выніку пасьля некалькіх ставак машыну прадалі за 19 595 рублёў. Пакупнік невядомы. У яго ёсьць 10 дзён, каб цалкам унесьці грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: аўтамабіль Бабарыкі прадаюць з аўкцыёнуУдава Зельцара тры тыдні правяла ў Навінках
Марыя Ўсьпенская, удава застрэленага супрацоўнікамі КДБ Андрэя Зельцара тры тыдні была зьмешчана ў Навінкі для псыхіятрычнай экспэртызы. Пра гэта піша «Наша Ніва» са спасылкай на словы маці палітзьняволенай жанчыны.
«Вынікі гэтай экспэртызы мне невядомыя. Тры тыдні дачка правяла ў бальніцы, цяпер яе вярнулі ў СІЗА», — расказвае яна.
Нягледзячы на тое, то перадачы для Марыі Ўсьпенскай цяпер ужо прымаюць, з карэспандэнцыяй па-ранейшаму застаюцца праблемы. За ўвесь час зьняволеньня, маці Марыі не дайшло ад яе ніводнага ліста. «Ад адваката часам даведваюся пра яе стан: самаадчуваньне то так, то гэтак», — кажа маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахавалі забітага ў перастрэлцы з КДБ, колькасьць палітвязьняў перавысіла 800. Найважнейшае за 6 кастрычнікаПерастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).