Лукашэнка прызнаў, што расейская мова разьвіваецца ў Беларусі на шкоду беларускай

Малюнак Вікторыі Цалуйкі.

Лукашэнка заявіў расейскаму прапагандысту Кісялёву: «Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе расейская мова разьвіваецца на шкоду нацыянальнай».

Лукашэнка ў размове з расейскім прапагандыстам Дзьмітрыем Кісялёвым прызнаў, што расейская мова ў Беларусі разьвіваецца на шкоду роднай беларускай.

«Мы гаворым з табой на расейскай мове. Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе расейская мова дзяржаўная. Добра дзяржаўная, афіцыйная, — дзе вось так вось разьвіваецца расейская мова. Нават на шкоду, па-мойму, нашай нацыянальнай, роднай, беларускай мове», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

Лукашэнка адзначыў, што яго часта папракаюць у правядзеньні такой палітыкі.

«Я заўсёды кажу, што нельга чалавека прымушаць размаўляць на нейкай мове. Потым часта прыводжу прыклад. Мне Пуцін кажа: дзякуй табе за рускую мову. Я кажу: пачакай, за што ты мне дзякуеш? Ну, вось жа, у вас дзяржаўная мова. Слухай, Валодзя, гэта мая мова. Руская — гэта мая мова. Мова — гэта жывая. Яна разьвіваецца: была такой, цяпер такой. І мы былі часткай агульнай імпэрыі, бралі ўдзел у разьвіцьці гэтай мовы. Ён кажа: пачакай, пачакай, тады а мая дзе руская мова? Я кажу: на Валагодчыне твая руская мова. Але гэта мы жартам адзін аднаму», — дадаў ён.

Аляксандар Лукашэнка быў ініцыятарам увядзеньня расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай у Беларусі. З 1995 году сфэра ўжываньня беларускай мовы значна скарацілася на карысьць расейскай.

Беларуская мова як родная. Дыяграма паводле перапісаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мова 404». Выйшла кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі