Пра гэта Натальля паведаміла свайму брату Генадзю Касьяну, які днямі атрымаў з-за кратаў ліст і пагутарыў зь сястрой праз тэлефон.
«Строгі рэжым працягнецца паўгода ад моманту пераводу Натальлі з гомельскай калёніі. А далей ужо вырашаць, ці будуць яго зьмякчаць, — кажа Генадзь. — Адмысловая камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні нядаўна пастанавіла, што Натальля не становіцца на шлях выпраўленьня. Наступнае пасяджэньне гэтай камісіі адбудзецца ажно ў лістападзе 2022 году. Там ужо застануцца два месяцы да яе афіцыйнага выхаду. То бок наўрад ці гэта ўсё памяняецца».
Гарманальныя прэпараты перадаць пакуль не дазволілі
Натальля Хершэ мае швайцарскае грамадзянства. 23 лістапада яе наведаў у турме часовы павераны ў справах Швайцарыі ў Беларусі Джон Рухаф. Раней з Натальляй сустракаўся амбасадар Клёд Альтэрмат, які з прычыны заканчэньня сваіх паўнамоцтваў вярнуўся ў Швайцарыю.
«Нейкі настрой у мяне цяпер дзіўны: спакойны, але сумны. Прычыны розныя. Сёньня падчас сустрэчы з часовым павераным у справах Швайцарыі ў Беларусі Джонам Рухафам, а я спадзявалася яшчэ спадара Альтэрмата ўбачыць, я сказала пра дамоўленасьць з адвакатам і пра неабходныя лекі», — піша Натальля ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Залатар выступіла з апошнім словам: «Маё сэрца рвецца на часткі, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў»Гэта была вусная дамоўленасьць Натальлі з начальнікам мэдычнай часткі турмы пра тое, каб адвакат перадаў ёй неабходныя гарманальныя прэпараты. Натальля скардзілася, што праз гарманальны збой у яе пачалі выпадаць валасы.
«Пра гэтую дамоўленасьць сакратарка амбасады нагадала падчас сустрэчы кіраўніка амбасады з Натальляй, — кажа Генадзь. — Гэтыя лекі я даўно перадаў адвакату. Я ў той жа дзень зьвязаўся з адвакатам, і той сказаў, што такога ня можа быць, ніякай вуснай дамоўленасьці не існуе, патрэбны дазвол на паперы. Тым ня менш ён зрабіў спробу перадаць гэтыя лекі на наступны дзень, але нічога ў яго не атрымалася. То бок спачатку дазволілі, а пасьля адмянілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зона — тая самая дзяржава». Палітвязень з анкалягічнай хваробай Аляксей Раманаў шчыра расказвае пра жыцьцё ў калёнііНатальлі дазволілі мэдычную бандэроль у сьнежні, і яна даслала сьпіс з 6 прэпаратаў (два зь іх гарманальныя), што яна прымае.
«Як ты бачыш, магнію тут няма, хоць мне яго вельмі хацелася. Але я ўжо стамілася тлумачыць, даказваць і дамагацца. Плястыру таксама няма. Нават ня сталі слухаць, гэта не дапаможа, — піша Натальля. — Ведаеш, мне ўсё роўна. Самае галоўнае, я атрымліваю гармоны, значыць, усе валасы ня выпадуць, а з кожным днём будуць мацнейшыя. Яшчэ мне сказалі, што рэчавая пасылка мне, аказваецца, не дазволена. Наўрад ці мне яе выдадуць».
Рэчавая пасылка вярнулася
Учора 22-кіляграмовая рэчавая пасылка, якую Генадзь адсылаў Натальлі два тыдні таму, вярнулася. З гэтай нагоды ён вырашыў пісьмова зьвярнуцца да начальніка турмы, каб той патлумачыў сытуацыю.
«Спачатку падчас сустрэчы са мной ён патэлефанаваў у спэцаддзел і сказаў супрацоўніку, што Натальлі дазваляецца адна пасылка вагою 50 кіляграм. Ён мяне пераканаў у гэтым, а цяпер гэтая пасылка вярнулася з надпісам „Не дазволена“, — кажа Генадзь. — І гэта Натальля пацьвердзіла ў сваім лісьце. Але на якой падставе, я ня ведаю. Як гэта так? Спачатку дазволена, а цяпер не? Крыўдна, бо ўсё, што яна замаўляла, асабліва туалетная папера, якой там бракуе, падабраная сяброўкай касмэтыка для скуры, валасоў, шампуні, дэзадаранты, крэмы, цёплыя шкарпэткі цяпер у пасылцы стаяць у мяне на бальконе».
Паштоўка з «Сыкстынскай мадонай»
Натальля таксама піша, што бяз кніг «проста памірае», просіць брата што-небудзь прыдумаць, каб яна магла хутчэй іх набыць. Генадзь кажа, што гэта будзе яшчэ адно пытаньне ў звароце да начальніка магілёўскай турмы. Таксама ў Натальлі няма магчымасьці глядзець тэлевізар.
«Вялікі дзякуй за вашыя лісты, ліст Алёны (гэта яе сяброўка. — РС) хоць на сьценку вешай, штораз перачытваю, усьміхаюся, — піша Натальля. — Памятаеш, у залі нашага бацькоўскага дома віселі карціны, адна зь іх — „Сыкстынская мадона“ Рафаэля, карціна „Вершніца“, якія мне вельмі падабаліся. Мая знаёмая Наташа Еўтухова, калі я яшчэ была ў калёніі, даслала мне паштоўку з выявай „Сыкстынскай мадоны“. Я была ўражаная, убачыўшы зноў гэтую карціну. Яна нясе столькі прымірэньня, пяшчоты, гармоніі, я проста ў захапленьні. Цяпер паштоўка ляжыць у мяне на стале».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сплянаваная апэрацыя па прыгнёце свайго народу». Трыюмфальны ўдзел беларускіх дакумэнталістаў на самым прэстыжным фэстываліНатальля піша, што яе жаданьні спаўняюцца, бо раней марыла мець больш сяброў у Менску. І цяпер іх сапраўды больш — па ўсім сьвеце.
«Вера, жаданьне, настойлівасьць і сіла волі, усім гэтым я валодаю, а значыць, любая мая мара можа стаць рэальнасьцю», — піша Натальля.
Натальлі не вярнулі яе рэчы
Падчас 15-хвіліннага тэлефанаваньня з турмы Натальля пыталася ў брата, які працуе лекарам, найперш пра лекі і пра схему, як іх прымаць.
Таксама яна зьдзіўлена і абурана тым, што падчас этапу з гомельскай калёніі ў магілёўскую турму зьніклі яе ўласныя рэчы.
«Іх ёй павінны былі перадаць. Гэта мноства намаляваных партрэтаў, яе дзёньнікі, сшыткі з запісамі, квітанцыі, якія яна захоўвала, — кажа Генадзь. — Нават яе квітанцыя пра першы заробак у 6 рублёў 66 капеек таксама зьнікла. Яна кажа, што гэтыя рэчы скралі службоўцы ў гомельскай калёніі».
Харчы няма дзе захоўваць
На ўмовы ўтрыманьня ў турме Натальля ня скардзіцца, падчас прагулак робіць прабежкі, якія яе добра зараджаюць. Паводле Генадзя, голас у яе быў бадзёры, псыхалягічны стан добры, яна па-дзелавому актыўная.
«Цяпер пахаладала, і яна вывесіла за акно кавалак сыру і марскую капусту, набытыя ў атаварцы, каб не папсаваліся. Яе строга папярэдзілі, каб яна выкінула гэтыя харчы і больш не вывешвала. На яе пытаньне, дзе іх можна захоўваць, турэмшчыкі прамаўчалі, — кажа Генадзь. — Яна вырашыла не набываць харчы, патраціць свае 29 рублёў на пральны парашок, крэмы і мыла. Крыўдна, што чалавек ня можа дадаткова набыць харчы, бо няма дзе захоўваць, і яны псуюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ГУБАЗіК баіцца несапраўдных бюлетэняў на рэфэрэндуме? Тлумачыць былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта«Я сказаў, што Эўразьвяз не адступае»
Падчас размовы Генадзь пасьпеў зачытаць Натальлі два лісты са словамі падтрымкі ад жанчын з Маладэчна.
«Я сказаў, ты ня ведаеш, колькі людзей цябе падтрымлівае. Я разумею, што ніякія лісты з падтрымкай, нават з добрымі словамі, да яе не даходзяць. Ніводзін ліст з замежных краін, а іх было нямала, не дайшоў. Канечне, крыўдна, бо лісты дадавалі б яшчэ больш моцы, — кажа Генадзь. — Яна спыталася пра асноўныя навіны. Я расказаў пра мігранцкі крызіс, а таксама пра новы пакет санкцый. Я сказаў, што Эўразьвяз не адступае, ідзе да канца, пакуль рэжым ня выканае ўмовы, сярод якіх найперш вызваленьне ўсіх палітвязьняў».