«Сытуацыя ў Беларусі, вядома, турбуе. Яна трагічная для грамадзян Беларусі, якія ня так шмат просяць — яны просяць магчымасьці свабодна выбіраць свайго лідэра на сумленных і адкрытых выбарах», — сказала Вікторыя Нуланд на Кіеўскім форуме ў пытаньнях бясьпекі, у якім яна ўзяла ўдзел празь відэасувязь з Вашынгтону.
Намесьніца дзяржсакратара ЗША нагадала пра супольнае з Эўрапейскім Зьвязам увядзеньне санкцый «супраць рэжыму Лукашэнкі». «Цяпер мы чакаем магчымасьці накласьці новы набор санкцыяў у сувязі з рашэньнем Лукашэнкі выкарыстоўваць мігрантаў як зброю. Калі ён адкрыў Беларусь для чартэрных рэйсаў, перапоўненых людзьмі, якія шукаюць прытулку ў Эўропе, але пры гэтым ён завозіць іх у Беларусь, дзе яны апынаюцца ў пастцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі кейс — апошняя казырная карта, якой Лукашэнка гуляе з РасеяйВікторыя Нуланд падкрэсьліла, што ЗША падтрымліваюць дзеяньні Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі ў міграцыйным крызісе.
Намесьніца дзяржсакратара дадала, што ЗША будуць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.
«Мы ўзмоцнім нашу падтрымку прадстаўнікам няўрадавых арганізацый, прадстаўнікам розных грамад у Беларусі. Мы дапамагаем тым людзям, якія хочуць для сябе знайсьці дэмакратычную альтэрнатыву і якія хочуць працаваць у Беларусі для дэмакратычнай будучыні. Некаторыя зь іх працягваюць гэта рабіць у Беларусі, іншыя — з краін, якія побач зь Беларусьсю і якія надалі ім прытулак», — сказала Вікторыя Нуланд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Украіны пра заяву Лукашэнкі аб «расейскім Крыме»: «Няма сэнсу ацэньваць плынь сьвядомасьці»«Я мяркую, што ня менш нас турбуе Лукашэнка, які спачатку вырашыў быць нэўтральным, пасьля таго як Расея захапіла Крым, а цяпер ён пайшоў далей як марыянэтка Расеі і зьбіраецца наведаць Крым і зьмяніць статус сваёй краіны. Мы ня маем ніякіх сумневаў у тым, што ён штурхае Беларусь у рукі Масквы, адмаўляючыся ня толькі ад дэмакратычнага разьвіцьця, але і пагаршаючы сытуацыю», — дадала намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША.