«Я здаю аналізы раз на год, каб сачыць за сваім здароўем» відавочна не было для яе аргумэнтам. Супакоілася яна толькі тады, калі на пытаньне пра сямейнае становішча я адказала, што ня замужам. «Ясна, таму і здаяце», — цяпер для доктаркі ўсё было зразумела.
Тэма ВІЧ дагэтуль застаецца табу ў грамадзтве, і тэматычныя стэрэатыпы нікуды не зьнікаюць. Я дагэтуль рэгулярна сутыкаюся з ідэяй, што ВІЧ — гэта хвароба нарказалежных і геяў. І да груп рызыкі традыцыйна адносяць людзей, якія ўнутрывенна ўжываюць наркотыкі, займаюцца сэксам зь людзьмі свайго полу ці займаюцца сэксам за грошы. Замужніх жанчын, у якіх толькі адзін палавы партнэр, да груп рызыкі адносіць не прынята, і дарма. Калі жанчына лічыць, што наяўнасьць аднаго палавога партнэра яе абараняе, яна зь меншай імавернасьцю будзе рэгулярна правярацца. Адпаведна, калі яна ў свайго партнэра не адзіная, і ён яе заразіць ВІЧ, яна пра гэта доўга не даведаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекцыі сэксоляга, псыхоляга, гінэколяга. Што будзе на фэстывалі сэксуальнай асьветыСтатыстыка заражэньня ВІЧ па ўсім сьвеце вельмі неаднародная і можа трактавацца па-рознаму. Але ў ААН ёсьць, напрыклад, вось такія зьвесткі: у Эўропе многія жанчыны (54%) даведваюцца, што ў іх ВІЧ, ужо на позьняй стадыі хваробы, калі імунная сыстэма пачынае адмаўляць. І ў 92% выпадкаў яны заражаюцца ў выніку гетэрасэксуальных сувязяў. Як шмат сярод іх жанчын, уцягнутых у прастытуцыю? Як шмат замужніх? Які адсотак мае толькі аднаго палавога партнэра? Адказы на гэтыя пытаньні дапамаглі б скласьці больш дэталёвую карціну цяперашняй эпідэміялягічнай сытуацыі.
У Беларусі 60,7% людзей са станоўчым ВІЧ-статусам — мужчыны, 39,3% — жанчыны. У першыя пяць месяцаў 2021 году сярод інфікаваных 83,1% людзей заразіліся палавым шляхам і 14,8% — праз кроў. А сярод тых, у каго ў гэты пэрыяд дыягнаставалі ВІЧ, 41,3% былі людзі працоўных спэцыяльнасьцяў і службоўцы, 36,2% ня мелі пэўнай працы, а 7,4% былі пасьля вызваленьня з-за кратаў.
Чым больш у адкрытым доступе будзе інфармацыі пра тое, што ВІЧ заражаюцца самыя розныя людзі з усіх сацыяльных слаёў, тым менш будзе новых заражэньняў і тым раней тыя, хто ўсё ж інфікаваўся, будуць даведвацца пра свой статус і зьвяртацца па дапамогу. Сёньня небясьпека ад ВІЧ можа быць не нашмат горшаю, чым ад цукровага дыябэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу пажадаць калегам і пацыентам мужнасьці», — былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгііАле пакуль СНІД працягваюць лічыць «бруднай» хваробай, у нас няшмат шанцаў палепшыць эпідэміялягічную сытуацыю. І пакуль гэтая тэма будзе заставацца табу, у інфікаваных людзей будзе менш шансаў пражыць доўгае паўнавартаснае жыцьцё. А своечасовая антырэтравірусная тэрапія акурат дазваляе гэта зрабіць.
У Беларусі, што праўда, праблема ня толькі ў стэрэатыпах. Улетку 2021 пасьля 20 гадоў працы была ліквідавана асацыяцыя «БелСеть антиСПИД», якая аб’ядноўвала недзяржаўныя арганізацыі, што працавалі ў гэтай сфэры. Зачышчаючы прастору ад іншадумства, улады ігнаруюць той факт, што фактычна зачышчаюць яе і ад саміх людзей. І ня ўсе зьяжджаюць. Некаторыя проста паміраюць, бо Лукашэнка так і ня здолеў прыняць той факт, што выбары ён прайграў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.