Пракурорка Жанна Баранава папрасіла суд пакараць Вольгу Залатар 5 гадамі зьняволеньня. Судзьдзя — Анастасія Папко. Суд ідзе з 15 лістапада.
Жыхарку Ждановічаў Менскай вобласьці абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. За кратамі яна ўжо больш за 8 месяцаў. Залатар абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор патрабуе для шматдзетнай маці Вольгі Залатар 5 гадоў зьняволеньня за пратэстыПаводле дзяржаўнай абвінаваўцы, увосень 2020 году Вольга Залатар некалькі разоў асабіста брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама была актыўнай арганізатаркай акцый у Ждановічах, дзе стала жыве з мужам і дзецьмі. Пры гэтым, па словах пракуроркі Баранавай, Вольга Залатар арганізоўвала акцыі з дапамогай нявызначанай тэхнікі і з удзелам нявызначаных асобаў.
Сьледчы камітэт адмовіў Залатар у завядзеньні справы на ГУБАЗіК за катаваньні. Як раней паведаміў адвакат маці 5 дзяцей Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрыманьня 18 сакавіка да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фармавала ва ўдзельнікаў супольнасьцяў устойлівыя псыхалягічныя якасьці». Скончыўся першы дзень суду па справе Вольгі ЗалатарСваёй віны Залатар не прызнала па ніводным з артыкулаў. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.
Вольга Залатар выступіла ў судзе з апошнім словам.
«Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву паводле Божых запаветаў. Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і як каталічка я стаю на варце чалавечай годнасьці і духоўнай каштоўнасьці. Усе мае дзеяньні і выказваньні прадыктаваныя любоўю да людзей і нянавісьцю да хлусьні і гвалту. Мы ўсе дзеці Божыя, і кожны з нас мае патэнцыял зрабіць гэты сьвет падобным да Валадарства Божага, дзе пануе любоў. І ў Валадарстве Божым няма месца для нянавісьці, хлусьні, зайздрасьці, помсты і страху. Маё сэрца рвецца на часткі, градус нянавісьці расьце, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў.
Неабходна пакаяньне і ўзаемнае прабачэньне. Толькі так магчыма спыніць грамадзка-палітычны крызіс у краіне. Матэрыяламі справы маім дзеяньням нададзены сэнсы, якіх я ня мела на ўвазе, і звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі, пачуцьці крыміналізаваныя. Матэрыяламі справы ёсьць фота з плякатам, на якім напісана: „Мір, любоў, свабода“. Я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міру для сваёй роднай краіны. Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару.
Архіяпіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію Праўды і Прымірэньня, Дэсманд Туту выказаўся так: „Сам Бог стварыў нас і сказаў: „Ідзіце, дзеці мае, цяпер вы вольныя“. І Ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам заганяць нас у рай“.
Другі пасланец Сьвятога Пятра так сказаў: „Бог доўгацярплівы да нас. Ён ня хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі на пакаяньне“.
Я хачу скончыць словамі Ўладзімера Караткевіча: „На Беларусі Бог жыве“. Жыве Бог! Жыве вечна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: выступы беларусаў з апошнім словам у судах улюбілі мяне ў свой народ