Сёньня на наша пытаньне адказвае Сьвятлана Алексіевіч.
— Гэта складанае пытаньне. Калі я аглянулася назад на год, які мінае, я падумала, што мне цяжка знайсьці нешта радаснае. Бо ты ўвесь час ня можаш належаць прыгожай восені ў прыгожым Бэрліне.
Але ў сьвядомасьці ўвесь час Беларусь. Навіны адтуль, якія я чытаю з раніцы, заўсёды вельмі цяжкія, калі не сказаць жахлівыя.
Але я знайшла ў памяці моцнае ўражаньне і пачуцьцё радасьці.
Гэта было, калі я чытала апошнія словы ў судах беларускіх пратэстоўцаў.
Спачатку я прачытала апошняе слова Паліны Шарэнды-Панасюк. Я была ў захапленьні ад гэтай моцы, ад упэўненасьці ў сябе, ад веры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк засудзілі на 2 гады калёніі. Яе прызналі палітзьняволенайТаксама мяне ўразіла апошняе слова Сьцяпана Латыпава, нашых маладых хлопцаў і дзяўчат — студэнтаў.
Божа мой, ім жа толькі па 19 гадоў, але як годна, як прыгожа яны гаварылі!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я беларуска і маю права на свабоду думкі». Што казалі фігуранты «справы студэнтаў» у апошнім словеІ гэта было радаснае адчуваньне.
Я часам паддавалася адчуваньню, што маладыя людзі па-за палітыкай, што яны жывуць у кампутары. І аказалася, што гэта няпраўда, што гэта вельмі прыгожыя і годныя людзі. Такія маладыя і такія моцныя.
Я глядзела на іх твары, на твары іх бацькоў.
У мяне было пачуцьцё гонару і адкрыцьця. Мы ня ведалі ўласны народ, мы яго адкрылі на маршах у жніўні.
І мы адкрываем яго для сябе зараз, падчас судоў.
Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 2015 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: выступы беларусаў з апошнім словам у судах улюбілі мяне ў свой народ