Навошта Лукашэнка зьбіраецца перасесьці з трактара на танк?

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь пачне вайну з Украінай у выпадку расейска-ўкраінскага канфлікту.

Сьцісла:

  • Беларусь як крэпасьць у аблозе — аптымальная мадэль утрыманьня ўлады.
  • Лукашэнка абвінаваціў Захад, што той выкарыстоўвае мігрантаў, каб нанесьці шкоду Беларусі.
  • Раней Лукашэнка цьвердзіў, што ніколі з тэрыторыі Беларусі ніякай ваеннай пагрозы брацкаму ўкраінскаму народу ня будзе.
  • Цяпер Лукашэнка паведамляе беларусам, што зьбіраецца ўцягнуць краіну ў вайну з Украінай.

Як на цяперашні час, нарада Лукашэнкі ў Міністэрстве абароны — справа рутынная. Беларусь як крэпасьць у аблозе, у атачэньні шматлікіх ворагаў — аптымальная мадэль утрыманьня ўлады. Мілітарызацыя грамадзка-палітычнага жыцьця стала неабходнай умовай выжываньня цяперашняга палітычнага рэжыму. Таму, здавалася, зьдзівіць нечым палітызаваную публіку цяжка. Аднак Лукашэнку гэта ўдалося. Ягоная фантастычная карціна сьвету размалёўваецца ўсё новымі фарбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Калі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца»

Узяць хоць бы ягоную заяву, што нібыта «ЗША і Вялікая Брытанія пры ўдзеле Польшчы выношваюць пляны разбурыць Эўрапейскі Зьвяз».

Яшчэ больш экстравагантна выглядае пэрл, што Захад нібыта выкарыстоўвае мігрантаў як спосаб стрымліваньня беларускай арміі ў выпадку канфлікту з Расеяй, а таксама «каб вырашыць свае ўнутраныя праблемы і трымаць нас у напружаньні». Так і ўяўляеш фантасмагарычную карціну, як заходнія спэцслужбы прымудрыліся выдаць тысячам мігрантаў беларускія візы, шмат месяцаў на сваіх самалётах арганізоўвалі іх дастаўку ў Менск, потым везьлі па тэрыторыі Беларусі да мяжы, зладзілі прарыў памежных канструкцый, а беларускія ўлады ні пра што нават не здагадваліся.

Але галоўная заява сёньняшняй нарады тычыцца Ўкраіны. У мінулым Лукашэнка ўсяляк дэманстраваў нэўтралітэт у расейска-ўкраінскім канфлікце, імкнуўся выконваць ролю міратворцы, хацеў прымірыць дзьве краіны. Колькі разоў раней Лукашэнка цьвердзіў, што ніколі з тэрыторыі Беларусі ніякай ваеннай пагрозы брацкаму ўкраінскаму народу ня будзе, казаў, што калі і прыедзе ва Ўкраіну, то не на танку, а на трактары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін заявіў, што Беларусь і Расея правядуць сумесныя вучэньні на мяжы з Украінай

І вось цяпер усё радыкальна памянялася. Ад нэўтралітэту не засталося і знаку. Раней Лукашэнка казаў, што адкрываецца ўкраінскі фронт, і дзеля яго нэўтралізацыі прасіў у Расеі сучаснай зброі. Сёньня ён публічна заявіў: «Калі яны зноў разьвяжуць вайнушку ў Данбасе ці недзе на мяжы з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь. Яны гэта разумеюць, таму пачалі ўзмацняць сваю паўночную, беларуска-ўкраінскую мяжу. Хоць да гэтага ніякіх фактаў, прычын сёньня няма».

То бок Лукашэнка не хавае, што Беларусь пачне вайну з Украінай у выпадку расейска-ўкраінскага канфлікту, і пры гэтым зьдзіўляецца, што Кіеў умацоўвае сваю паўночную мяжу — маўляў, «прычын сёньня няма» (?).

Такім чынам, Лукашэнка паведамляе беларусам, што зьбіраецца ўцягнуць краіну ў вайну. У чужую вайну. Бо гаворка пра канфлікт на Данбасе, на далёкай ад Беларусі расейска-ўкраінскай мяжы. Прычым з народам сапраўды брацкім, ва ўсіх сэнсах блізкім.

Навошта?! Дзеля чаго перасядаць з трактара на танк? Чаму ён не баіцца нэгатыўнай рэакцыі беларускага народу, у гістарычнай памяці якога нібы стрэмкай сядзіць страх, які добра адлюстраваны вядомай прыказкай «абы не было вайны»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стаў ахвярай расейскай прапаганды, — Паротнікаў

Складаецца ўражаньне, што апошнім часам Лукашэнка адчувае нейкую псыхалягічную асалоду ад тых экспэрымэнтаў, якія ён ажыцьцяўляе над грамадзтвам. Дзеля гэтага і краіну замарозілі, укачалі ў асфальт. Маўляў, а давай прывязем сюды тысячы мігрантаў і паглядзім, як беларусы будуць рэагаваць. А давай паабяцаем уцягнуць краіну ў чужую вайну.

Асалода ў тым, што цяпер ня трэба гуляць у папулізм, імкнуцца падабацца народу. Цяпер можна быць самім сабой.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.