Каранавірус: Міністэрства здароўя Беларусі вяртае лякарні ў «звыклы рэжым працы»

Ілюстрацыйнае фота

Ва ўсіх абласьцях Беларусі эпідэмічная сытуацыя дазваляе паэтапна выводзіць аддзяленьні з «каранавіруснага рэжыму», лічаць у міністэрстве.

«У Берасьцейскай, Віцебскай, Горадзенскай, Гомельскай, Магілёўскай, Менскай абласьцях і сталіцы паступова праводзяць дэзапрацоўку і вяртаюць у звыклы рэжым працы аддзяленьні і нават цэлыя лякарні. Усе навукова-практычныя цэнтры працягваюць аказваць плянавую дапамогу», – гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Пры гэтым там нагадалі, што адзіным дзейсным мэтадам папярэджаньня каранавіруснай інфэкцыі і цяжкіх наступстваў захворваньня зьяўляецца вакцынацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праводзіць сямейныя і сяброўскія сьвяты з удзелам прышчэпленых і непрышчэпленых. Парады

Беларусам збольшага даступныя вакцыны расейскай вытворчасьці, кітайскія адрасаваныя найперш уразьлівым групам, у прыватнасьці цяжарным жанчынам. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што траціць грошы на заходнія аналягі не зьбіраецца, бо «ўколатыя» адразу ж рынуцца ў Эўропу «па інструкцыі».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістравалі 651 тысячу 839 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. За гэты час памерлі 5 тысяч 54 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.

Агулам зроблена больш за 10 мільёнаў тэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Афрыцы выяўлены небясьпечны штам каранавірусу. У некаторых раёнах ён выцесьніў «дэльту» за пару дзён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў пайшоў прырост хворых на COVID-19