Андрэй Паротнікаў разважае пра ролю Масквы ў мігранцкім крызісе, лічыць, што ў Менску традыцыйна асьцерагаюцца змовы паміж Захадам і Крамлём адносна будучыні Беларусі, і заяўляе, што калі б Лукашэнка мог не мяняць Канстытуцыю, ён бы нічога не мяняў.
Сьцісла:
- Масква падбухторвае беларускія ўлады, але ніякіх абавязкаў на сябе не бярэ.
- Узровень гатоўнасьці да самагубных дзеяньняў у афіцыйнага Менску пакуль не настолькі высокі.
- Эскаляцыя можа быць спробай разбурыць яўную ці прыдуманую «змову» паміж Масквой і Захадам і прадэманстраваць, што Лукашэнка самастойны гулец.
- Менск думае, што можа зрабіць любыя крокі, а Ўкраіна на іх не адкажа, бо нікуды ня дзенецца ад Беларусі.
— Ці можна сьцьвярджаць, што ў стратэгічным аспэкце міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы ўжо скончаны, і скончаны відавочнай паразай Аляксандра Лукашэнкі? Ці афіцыйны Менск яшчэ можа прыдумаць нешта такое, што можа працягнуць гэтую гульню? Вось нядаўна Лукашэнка заявіў, што многія людзі з Афганістану імкнуцца трапіць у Эўразьвяз...
— Не. Я лічу, што нічога ня скончана. Гэта толькі першы сэзон сэрыялу. Я зыходжу з таго, што афіцыйны Менск зараз ня можа сабе дазволіць адступіць, бо гэта будзе моцная палітычная параза. А ва ўмовах вельмі хісткай, мякка кажучы, легітымнасьці, унутранай незадаволенасьці (як з боку звычайных людзей, так і прадстаўнікоў сыстэмы), Лукашэнка ня можа сабе такога дазволіць.
Таму я думаю, што мы яшчэ пабачым працяг гэтай тэмы. Тым больш ужо афіцыйна заяўлена, што гвалтоўна нікога зь Беларусі дэпартаваць ня будуць, маўляў, вяртаньне ў краіны выхаду — гэта выключна добраахвотная зьява. А значная колькасьць мігрантаў рашуча настроеныя на тое, каб трапіць у Эўразьвяз, агрэсіўных масавых спробаў пераадолець мяжу не становіцца меней.
Іншая гісторыя, як вы слушна заўважылі, з афганцамі. Лукашэнка сказаў, што яны могуць зьявіцца ў вялікай колькасьці. Так «супала», што Савет бясьпекі Расеі на мінулым тыдні заявіў, што яны фіксуюць павелічэньне транзытных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Расею, каб потым трапіць у Эўразьвяз. Намёк больш чым відавочны.
— Якая роля Расеі ў гэтым мігранцкім крызісе? Ці Крэмль проста глядзіць на ўсё гэта і радуецца? Па-першае, на тое, як Лукашэнка канчаткова сварыцца з Захадам, па-другое, на тое, як Менск стварае непрыемнасьці для палякаў і літоўцаў. Ці Масква ня проста назірае, але і падштурхоўвае гэты крызіс?
— Я думаю, гэта роля назіраньня і спробы скарыстацца з тых магчымасьцяў, якія адкрываюцца ў выніку паглыбленьня ізаляцыі афіцыйнага Менску. Увесну 2021 году ў некаторых эўрапейскіх сталіцах былі думкі, што, магчыма, варта шукаць нейкія шляхі паразуменьня — вядома, да гісторыі з самалётам з Пратасевічам. А цяпер афіцыйны Менск заганяе сябе ў пастку, у яму, зь якой будзе вельмі складана выбрацца.
Зь некаторага моманту можа атрымацца так, што выбрацца з той ямы будзе ўжо немагчыма. Я маю на ўвазе тыя заявы, што мігранцкі крызіс можа перарасьці ў ваенную эскаляцыю, пра што гаворыць выключна беларускі бок. Ні з боку NATO, ні з боку Варшавы мы такіх заяваў ня чулі.
Расею гэта вельмі натхняе, Масква падбухторвае беларускія ўлады («Мы з вамі»), але ніякіх абавязкаў на сябе не бярэ. Таму я б сказаў, што Расея спрабуе атрымаць выгаду з гэтай сытуацыі, але непасрэдна ў стварэньні гэтага крызісу яна ня ўдзельнічае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Віціс Юрконіс: «Менавіта рэжым, а ня санкцыі, робяць Беларусь усё больш залежнай ад Крамля»— Пра магчымыя ўзброеныя правакацыі на мяжы гавораць ужо некалькі месяцаў, але Менск на гэта не ідзе. Чаму? Асьцерагаецца, што Масква ў выпадку сур’ёзных падзеяў не падтрымае, скажа: «Сам заварыў — сам і разьбірайся»?
— Такія правакацыі ўжо адбываліся — і зброю наводзілі на польскіх памежнікаў, і стралялі ў паветра. Сьвятлашумавыя гранаты, якія ляцелі зь беларускай тэрыторыі на польскую тэрыторыю — гэта ёсьць casus belli (на лаціне: «падстава, каб пачаць вайну». — Рэд.). Тое, што гэта не перарасло ў нешта больш маштабнае, гэта вынік пазыцыі Варшавы, польскім вайскоўцам забаронена выкарыстоўваць зброю ў адказ.
Другі момант: пагражаць выкарыстоўваць зброю і выкарыстоўваць зброю — гэта вельмі розныя рэчы. Мабыць, узровень гатоўнасьці да самагубных дзеяньняў у афіцыйнага Менску пакуль не настолькі высокі. Але мы ня ведаем, што будзе праз 2-3 месяцы, ніякія варыянты ня выключаныя.
— Раней афіцыйны Менск называў сам сябе «донарам стабільнасьці» ў рэгіёне. Цяпер Беларусь — «донар нестабільнасьці». Які ў гэтым стратэгічны сэнс, навошта ўлады ідуць на гэта? Гэта проста жаданьне адпомсьціць, нашкодзіць, нават нягледзячы на наступствы для сябе?
— Па-першае, на маю думку, Лукашэнка стаў ахвярай расейскай прапаганды. Ён і ягонае атачэньне, відаць, сапраўды паверылі, што Захад расколаты, слабы, што Эўразьвяз вось-вось разваліцца, Украіна кіруецца з-за мяжы і гэтак далей.
З другога боку, у яго ёсьць у гэтай сыстэме каардынат свой рацыянальны разьлік. Ён лічыць, што, падвышаючы градус процістаяньня, ён прымусіць Эўразьвяз сесьці за стол перамоваў — на сваіх умовах.
Па-другое, у Менску традыцыйна асьцерагаюцца змовы праз галаву беларускага рэжыму паміж Захадам і Крамлём адносна будучыні Беларусі. Таму гэтая эскаляцыя можа быць спробай разбурыць яўную ці прыдуманую «змову» паміж Масквой і Захадам і прадэманстраваць, што Лукашэнка самастойны гулец. А заадно прадэманстраваць Пуціну, што той у Беларусі мала на што ўплывае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці здаў Лукашэнка сувэрэнітэт? Дыскусія экспэртаў— Ёсьць яшчэ адна магчымасьць для беларускага рэжыму трапіць у яму, пра якую вы казалі, — гэта тое, што называецца поўнае юрыдычнае прызнаньне Крыму расейскім. Ці разумее Менск усе наступствы гэтага кроку?
— Гэта цяпер пытаньне торгу ў беларуска-расейскіх адносінах. Ня вельмі зразумела, што Менск хоча папрасіць у Масквы і ці будзе гэта прымальна для расейскага боку. Калі сустрэчныя саступкі ад Расеі будуць вельмі маштабныя, то для Менску гэта не праблема. Але тут, вядома, ёсьць чыньнік Украіны, якая для Беларусі сур’ёзны гандлёвы партнэр, прэміяльны партнэр.
Але тут мы вяртаемся да сьветаўспрыманьня аднаго чалавека, які лічыць Украіну слабым гульцом, ня здольным на моцныя крокі. І Менск думае, што можа зрабіць любыя крокі, а Ўкраіна не адкажа, бо нікуды ня дзенецца ад Беларусі. Так што на сёньня прызнаньне Крыму — гэта ўжо не пытаньне палітычных стратаў ці нават эканамічных. Гэта спроба таргавацца з Крамлём, памяняць прызнаньне Крыму на нешта, патрэбнае беларускаму боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт, Пуцін назіраў па відэасувязі з Севастопаля— Навошта Лукашэнку рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі?
— Працэс пачаўся яшчэ ў 2018 годзе, таму было б памылкай прывязваць канстытуцыйную рэформу да падзеяў жніўня 2020 году. Гэта больш працяглая гульня. Калі б Лукашэнка мог не мяняць Канстытуцыю, ён бы нічога не мяняў. Адбываецца нешта такое, што прымушае яго ісьці на канстытуцыйныя зьмены.
І пытаньне ў тым, што калі мяняецца Канстытуцыя, тым больш калі ў новым варыянце зьмяншаюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта, — пад каго яна пішацца? І калі не пад Лукашэнку, то чаму яе сталі пісаць? Пакуль мы гэтага ня ведаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што 60% апытаных беларусаў падтрымалі праект Канстытуцыі, які яшчэ не публікаваўся