Беларускія экіпажы былі заяўленыя ў грузавым заліку пад бартавымі нумарамі 502, 507 і 517, але цяпер іх ужо няма ў стартавым лісьце.
Паводле расейскага тэлеканалу «Матч ТВ», беларуская каманда атрымала забарону на ўдзел у ралі «Дакар» ад арганізатараў гонкі. Паводле крыніцы каналу, знаёмай з сытуацыяй, грузавікі ўжо накіроўваліся ў Марсэль на паром, які з гоначнай тэхнікай праз некалькі дзён возьме курс на Саудаўскую Арабію, але каманду не пусьцілі. Іншая крыніца «Матч ТВ» дапусьціла, што такое рашэньне можа быць зьвязана з санкцыямі ў дачыненьні да заводу.
Арганізатары самага вядомага ў сьвеце ралі і беларуская каманда пакуль ніяк не камэнтуюць падзеі.
«Дакар-2022» пройдзе 2-14 студзеня наступнага году ў Саўдаўскай Арабіі. «МАЗ-СПОРТаўта» рэгулярна ўдзельнічаў у гонцы з 2012 году, апошнім часам змагаючыся за прызавыя месцы. Лепшымі вынікамі зьяўляюцца срэбра і бронза лідэра каманды Сяргея Вязовіча ў 2018 і 2020 гадах адпаведна.
Сёлета ў ліпені Эўразьвяз увёў чацьвёрты пакет санкцый супраць Беларусі, акрамя шэрагу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў пад абмежаваньні трапілі і некалькі прадпрыемстваў, уключна зь Менскім аўтазаводам. Кіраўніцтва прадпрыемства падало позву да Рады Эўразьвязу на «беспадстаўнае рашэньне», аднак плёну гэта не прынесла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з заводамі МТЗ і БелАЗ, дзе затрымалі мэнэджараў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пяты пакет санкцый Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску ўвойдуць 28 чалавек і арганізацый