Міністар транспарту Літвы аб транзыце калійных угнаеньняў: мяч на баку менскага рэжыму

«Беларуськалій», Салігорск

Рэжым Лукашэнкі павінен зьмяніць палітыку, каб транзыт калійных угнаеньняў празь Літву не спыніўся, заявіў міністар транспарту і камунікацый Літвы.

Міністар Мар’юс Скуодзіс сказаў гэта ў той час, як Эўразьвяз абмяркоўвае новыя санкцыі для Беларусі. Акрамя таго, 8 сьнежня канчаткова ўступяць у сілу санкцыі Злучаных Штатаў у дачыненьні да аднаго з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў угнаеньняў — кампаніі «Беларуськалій», якая штогод возіць мільёны тон угнаеньняў празь Літву і Клайпедзкі порт.

«Санкцыі ня ўведзеныя дзеля санкцыяў, рэжыму проста трэба зьмяніць свае паводзіны — і транзыт, які меў месца паміж нашымі краінамі і ўвогуле, зможа працягвацца. (...) Я не хачу, каб ён спыніўся, але гэта залежыць ад другога боку, мяч на другім баку, і трэба проста зрабіць пэўныя крокі», — сказаў Скуодзіс журналістам у Клайпедзе ў пятніцу.

Ён сумняваецца, што транзыт угнаеньняў спыніцца менавіта 8 сьнежня, таму што «ёсьць і пэўныя ўмовы перадаплаты», а таксама іншыя акалічнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спыніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» са сьнежня з прычыны санкцый ЗША супраць Беларусі

Паводле Скуодзіса, застанецца транзыт ці не — залежыць ад двух асноўных фактараў: банкаў і магчымых зьменаў санкцыйнага рэжыму.

«Першае — ці дазволяць банкі разьлікі, таму што санкцыі ЗША ня дзейнічаюць наўпрост, напрыклад, у дачыненьні да літоўскіх юрыдычных асобаў. І вельмі важны момант палягае ў тым, што яны залежаць ад фінансавых установаў: прапускаюць яны плацяжы ці не прапускаюць. (...) Буйныя банкі сваё слова ўжо сказалі», — пракамэнтаваў Скуодзіс.

Акрамя таго, паводле літоўскага міністра, і санкцыі ЭЗ, і санкцыі ЗША могуць стаць больш жорсткімі ці яшчэ неяк зьмяніцца.

Скуодзіс прызнаў, што большую частку пагрузак Клайпедзкага порту складаюць угнаеньні, падобная сытуацыя і зь перавозкамі па чыгунцы. Аднак ён ня стаў падрабязьней камэнтаваць, як узмацненьне санкцыяў можа паўплываць на літоўскі бізнэс.