Пра гэта паведамілі 26 лістапада валянтэры тэлеграм-каналу «Списки Окрестина». На якой падставе затрымалі Андрэя, дагэтуль не вядома.
Жонцы Андрэя Алесі Рак у ізалятары на Акрэсьціна, аднак, сказалі ўдзень 26 лістапада, што яе мужа ў іх няма. Пазьней высьветлілася, што журналіст усё ж на Акрэсьціна.
25 лістапада фрылансэр Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі.
Жонка Андрэя расказала, што каля 17-й гадзіны ён паехаў на ровары на прагулку, а яна з дваімі дзецьмі засталася дома. Даволі хутка Андрэй вярнуўся з чатырма мужчынамі ў цывільным.
«Адзін, які, пэўна, быў галоўным, прадставіўся Іванам. Ні хто яны, ні адкуль, не паведамілі. Мне загадалі ісьці ў іншы пакой і займацца дзецьмі, не перашкаджаць. Ператрус быў даволі „інтэлігентны“ — мае рэчы і рэчы дзяцей не чапалі. Забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон і мой пляншэт, грошы. Андрэю загадалі апранацца і ісьці зь імі. З рэчаў нічога не дазволілі ўзяць з сабой, акрамя запасных штаноў. Сказалі, што забіраюць яго ненадоўга, на пару дзён», — расказала Алеся Рак.
Яна толькі падпісала паперу зь пералікам забраных рэчаў. На якой падставе затрымалі мужа, Алеся ня ведае.
«Андрэй быў выкрадзены агентамі рэжыму толькі за тое, што ён журналіст»
З нагоды затрыманьня Андрэя Кузьнечыка з адмысловай заявай выступіў прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай.
«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае намаганьні з мэтай зьнішчыць усе незалежныя СМІ ў Беларусі. Андрэй быў выкрадзены агентамі рэжыму толькі за тое, што ён журналіст. Рэжым таксама атакаваў адзін з нашых акаўнтаў у сацыяльных сетках, спрабуючы перакрыць яшчэ адзін канал інфармацыі для беларускага народу. Андрэй мусіць быць неадкладна вызвалены, яму мусіць быць дазволена вярнуцца да жонкі і маленькіх дзяцей. Ніякага злачынства ён не ўчыняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менcку затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка