У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» адразу пасьля гэтага выступу Сьвятлана Ціханоўская расказала, якіх менавіта актыўных дзеяньняў яна чакае ад Эўразьвязу.
Санкцыйныя сьпісы: чаканьні і рэальнасьць
— Сьвятлана, вы, выступаючы перад Эўрапарлямэнтам, сказалі, што чакаеце больш актыўнага ціску на ўлады Беларусі. Скажыце, у чым менавіта ён павінен палягаць і якіх рашучых дзеяньняў вы чакаеце ад Эўразьвязу?
— Па-першае, трэба закрыць усе тыя прабелы ў санкцыях, якія ўзьніклі пасьля чацвёртага пакету, сэктаральных санкцый. Таксама пяты пакет санкцый, які цяпер абмяркоўваецца, тычыцца больш за ўсё міграцыйнага крызісу. Мы заўсёды гаворым пра тое, што толькі ціск на эканоміку, на тыя прадпрыемствы, якія манапалізаваныя Лукашэнкам і ягонай сям’ёй, могуць прывесьці да зьменаў, таму мы гаварым пра больш рашучыя дзеяньні.
Гэта [значыць] ня ўводзіць санкцыі, потым чакаць паўгода, глядзець, спрацуюць ці не спрацуюць, бо за гэтыя паўгода, на жаль, мы ведаем, як гэта працуе: зьяўляюцца новыя даччыныя прадпрыемствы, каб абыходзіць гэтыя санкцыі. У гэты ж час іншыя краіны могуць скарыстацца момантам і прыйсьці на рынак са сваёй прадукцыяй, замясьціўшы тым самым санкцыйныя прадукты.
То бок, трэба зьмяншаць гэтыя рызыкі і быць хуткімі з такой канкрэтнай, зразумелай санкцыйнай палітыкай, з аднаго боку. З другога боку, дапамога грамадзянскай супольнасьці. Гэта значыць усё, што робіцца цяпер, толькі крыху больш актыўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Spiegel: У санкцыйны сьпіс уключаць «Белавія», «Гродна Азот» і «Беларусьнафту»— Калі гаварыць пра тыя санкцыі, якія ўводзіліся раней, то як вы ацэніце іх эфэктыўнасьць?
— Яны маглі б быць вельмі эфэктыўнымі, як я ўжо кажу, калі б не былі пакінутыя прабелы. Таму што каля 80% калійных угнаеньняў, якія зьяўляюцца адной з галоўных крыніц падсілкоўваньня рэжыму, апынуліся не ў санкцыйным сьпісе, іх можна абыходзіць. Такія вось «дзіравыя» санкцыі.
Але ўсё роўна гэта была вельмі адважная спроба, і я ўпэўнена, што ЭЗ павінен ганарыцца сабой, такой хуткай рэакцыяй. Санкцыі працуюць, і я пра гэта спрабую ўвесь час данесьці эўрапейцам, дзе працуюць прапагандысты і гавораць: «Вось, санкцыі не працуюць, толькі людзі цярпяць». Не, гэта ня так. Людзі цярпяць ад дзеяньняў рэжыму, ад рэпрэсій. Санкцыі яшчэ не пачалі працаваць на поўную сілу, таму што яны не былі пакуль дастаткова канкрэтнымі і магутнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Досыць сымбалічных крокаў!» — Ціханоўская выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце. ФОТА— Калі гаварыць аб пятым пакеце санкцый, які ў гэты момант узгадняецца Эўразьвязам, ці зможа ён папоўніць прабелы, пра якія вы кажаце?
— Я думаю, што пяты санкцыйны сьпіс тычыцца ў большай ступені тых турыстычных кампаній, якія зьвязаныя з дастаўкай людзей зь іншых краін. Магчыма, там будуць транспартныя кампаніі, я не магу меркаваць. Але мне здаецца, там ня будзе тых прадпрыемстваў, якія аказваюць рэальную дапамогу рэжыму ўнутры краіны. Будзе відаць.
— Якія людзі і прадпрыемствы, што аказваюць рэальную дапамогу рэжыму, павінны апынуцца ў санкцыйным сьпісе?
— Гэта прадпрыемствы, манапалізаваныя рэжымам: гэта нафтавыя прадпрыемствы, гэта калійныя ўгнаеньні, гэта азотныя ўгнаеньні, гэта транспартныя кампаніі, гэта дрэваапрацоўка. Я ня буду называць пайменна.
— Вы гаворыце пра гэта з кіраўніцтвам Эўразьвязу, з амэрыканскім кіраўніцтвам, зь якім вы сустракаецеся?
— Мы гаворым пра кірункі, у якіх трэба працаваць, мы не падаём людзей або прадпрыемствы ў санкцыйныя сьпісы — ёсьць спэцыяльная арганізацыя, якая гэтым займаецца.
— І што вам на гэта адказваюць? Ці будуць яны дадаваць кампаніі ў санкцыйныя сьпісы па гэтых кірунках?
— А тут ужо справа за Эўразьвязам, справа за амэрыканскімі арганізацыямі, якія складаюць санкцыйныя сьпісы. Мы павінны разумець, што працуюць лабісты. Чаму ў апошні момант часам выключаюцца прозьвішчы ці цэлыя прадпрыемствы з санкцыйных сьпісаў? Бо недзе ў кагосьці свае інтарэсы — мы гэта ўсё разумеем. Мы працягваем [зьбіраць] доказы таго, што тая ці іншая кампанія падтрымлівае рэжым.
«Ні аб якім прызнаньні гаворкі не ідзе». Званок Мэркель Аляксандру Лукашэнку
— Вы былі незадаволеныя прамым дыялёгам з Аляксандрам Лукашэнкам. Ангела Мэркель тэлефанавала яму двойчы, пасьля гэтага яна патэлефанавала вам — і, уласна, як растлумачыла гэтую прамую камунікацыю?
— «Незадаволеная» — напэўна, ня тое слова, таму што я была вельмі зьдзіўленая. Я разумела, чаму гэта было зроблена зь яе боку. Яна ўсё ж такі чалавек вельмі добры і, каб дээскаляваць сытуацыю на мяжы, каб дапамагчы людзям, дзецям, яна вырашыла гэты званок зрабіць.
Але з боку беларускі — а ў маёй краіне тысячы людзей зараз адчуваюць жудасныя ўмовы ў турмах, іх катуюць, іх кожны дзень прыніжаюць — мне гэта было незразумела. Бо больш за год Эўразьвяз вядзе палітыку непрызнаньня Лукашэнкі легітымным і ад сваёй стратэгіі не адступае. Такі званок — мусіць, гэта было вельмі нечакана і дзіўна, але мы пагаварылі. Так, як мы і думалі, гэта было зроблена з гуманітарных меркаваньняў, ні пра якое прызнаньне гаворкі не ідзе.
— У інтэрвію BBC Лукашэнка сказаў, што Мэркель да яго зьвярталася «спадар прэзыдэнт». У Мэркель гэтага не зьняпраўджвалі. Як Мэркель да вас зьвяртаецца? Вы абмяркоўвалі гэты момант зь ёю?
— Гэта ня той момант, які абмяркоўваецца пры такіх тэлефонных размовах. Мы маем больш глябальныя пытаньні. Як хто там каго называў, напэўна, ня мае значэньня, хаця мы ведаем, што не было да яго звароту, які не адпавядае яго пасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пагаварыла праз тэлефон з Ангелай МэркельЦі магчымыя перамовы з Лукашэнкам
— Скажыце, калі ласка, вы б самі селі з Аляксандрам Лукашэнкам за адзін перамоўны стол, каб былі вызваленыя палітвязьні, калі б гэта дапамагло? Тыя палітвязьні, імёны якіх вы згадвалі ў Эўрапарлямэнце.
— За перамоўным сталом павінны быць прадстаўнікі рэжыму і прадстаўнікі дэмакратычных сіл, а таксама мэдыятары, каб усе дамоўленасьці, якія дасягаюцца за гэтым імправізаваным сталом перамоваў, выконваліся. Калі б узьнікла такая неабходнасьць і гэта было б дакладнай гарантыяй таго, што мы перамаўляемся аб новых выбарах — як вы ведаеце, умовай для такіх перамоваў было вызваленьне палітвязьняў, — то мы будзем размаўляць з кім заўгодна з прадстаўнікоў рэжыму.
— Лукашэнка сказаў, што сядзе з вамі за адзін стол толькі ў выпадку, калі Пуцін з Навальным — мы разумеем, што гэта са сфэры фантастыкі, — апынуцца за адным сталом перамоваў.
— Гэта ж быў адказ ня мне, гэта быў адказ спадару Пуціну. Трэба спытаць, як там успрынялі такі адказ.
— Апошняе пытаньне. Гучалі заявы ад літоўскага кіраўніцтва, у прыватнасьці што мігранцкі крызіс мог быць справакаваны спэцыяльна, каб адцягнуць увагу ад таго, што Расея зьбірае войскі на мяжы з Украінай. Скажыце, калі ласка, наколькі рэальная пагроза вайсковай апэрацыі супраць Украіны з боку Расеі?
— Вы ведаеце, заўсёды вельмі шмат кансьпіралёгіі вакол такіх падзей. І мігранцкі крызіс на мяжы мог быць манэўрам, які адцягвае ад чаго заўгодна. Мы пакуль ня бачым ніякіх вайсковых пагрозаў, таму будзем жыць, паглядзім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вене прайшла міжнародная канфэрэнцыя аб будучыні Беларусі — без прадстаўнікоў улады. ФОТА і ВІДЭА