Падчас імпрэзы чыталі фрагмэнты зь сёлетняга выданьня кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», перакладзенай на беларускую мову.
«Выкарыстаньне выразу „група Аліневіча“ як непраўдзівае, так і небясьпечнае для самога Ігара»
На пачатку мерапрыемства, якое праходзіла ў варшаўскім сацыяльным цэнтры, анархістка Валерыя Хоціна ррасказала пра вядомыя на сёньняшні момант дэталі справы «анархістаў-партызан», а таксама пра перасьлед фігурантаў да моманту іх затрыманьня ў кастрычніку 2020 году.
Валерыя падкрэсьліла, што прадстаўнікі незалежных СМІ ў сваіх публікацыях неаднаразова называлі чатырох анархістаў «групай Аліневіча» (менавіта такі выраз пасьля іх затрыманьня выкарыстоўвалі дзяржаўныя СМІ, КДБ, у тым ліку прадстаўнік ведамства Іван Тэртэль), што, на яе думку, некарэктна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над анархістамі ідзе ў закрытым рэжыме чацьвёрты дзень, трое адмовіліся наведваць пасяджэньніЯна заклікала журналістаў і прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый не ўжываць гэтае азначэньне зь некалькіх прычын:
«Я лічу, што гэта інкрымінуе самога Аліневіча, робіць яго лідэрам усёй кампаніі. А мы ведаем, што азначае лідэрства ў Крымінальным Кодэксе, за арганізацыю заўсёды большыя тэрміны, чым за проста ўдзел, — сказала дзяўчына. — (…) Выкарыстаньне гэтага выразу ня толькі небясьпечнае для Ігара, але яно і непраўдзівае. Я не была з гэтымі людзьмі падчас іх знаходжаньня ў Беларусі, але ўпэўненая, што ў анархічных групах звычайна няма лідэра — людзі могуць прапанаваць нейкія ідэі, і іншыя могуць іх падтрымаць або не».
Арганізатары паказалі адзін з трох зваротаў Ігара Аліневіча, які ён запісаў і выклаў на Youtube у верасьні мінулага году, калі быў за мяжой.
У звароце Ігар выказаў сваё стаўленьне да таго, што адбывалася ў краіне пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. А таксама пракамэнтаваў гвалт сілавікоў у адносінах да выпадковых грамадзян, згадаўшы катаваньні, якія прымяняліся да яго самога ў СІЗА КДБ пасьля затрыманьня 11 гадоў таму.
«Тое, што мы бачылі ў 2020 годзе, Ігар адчуў на сваёй скуры яшчэ ў 2010-м, проста на той момант гэта нікога не хвалявала», — сказала Валерыя Хоціна.
Тыя, хто выступіў на мерапрыемстве, зачытвалі фрагмэнты з кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перад вамі 4 перакананыя рэвалюцыянэры». Як пачаўся суд над анархістаміВалерыя Хоціна, у сваю чаргу, зачытала артыкул Ігара «Палітычныя», у якім анархіст адказваў на пытаньне: «Каго лічыць палітычным вязьнем, а каго — не?».
Валерыя патлумачыла, чаму гэты статус важны:
«Па-першае, ён гарантуе, што дзяржава, сілавікі, улады будуць іх так успрымаць, і ўсе людзі, якія ўводзяць санкцыі, могуць патрабаваць вызваленьня асобаў са сьпісу палітзьняволеных.
Па-другое, шмат фондаў дапамагае палітвязьням, але яны бяруць пад увагу толькі тых, хто ў сьпісах „Вясны“. У выніку зьняволеныя аўтаматычна пазбаўляюцца легітымнага права карыстацца рэсурсамі, якія людзі ахвяруюць», — падсумавала Валерыя.
«Мы жывём, па сутнасьці, у акупацыі. Ігар і ягоныя сябры бачылі гэта ўжо даўно»
Леташнія відэазвароты Ігара пракамэнтавала і ягоная маці Валянціна, якая выступіла на вечарыне онлайн. Яна расказала, што адгаворвала сына іх публікаваць.
«Я казала, што і так ужо дастаткова тых, хто кажа, што рабіць, а што не. Што ня трэба быць адным са шматлікіх і што ты ня маеш права ўдалечыні ад Радзімы раіць нешта тым, хто знаходзіцца ў Беларусі. Але ён мяне не паслухаў і потым мне напісаў: „Ты ведаеш, я калі выказаў усё тое, што хацеў, мне адразу стала лягчэй“. Тады я і не падумала, што ў ягоных вачах была гэтая рашучасьць пайсьці на ўсё. Цяпер я [рашучасьць] ужо бачу», — сказала Валянціна Аліневіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На памежным пераходзе затрымалі былога палітвязьня анархіста Ігара АліневічаЖанчына падкрэсьліла, што ганарыцца сынам, нягледзячы на тое, што ў дзяржаўным інфармацыйным парадку дня яго называюць «тэрарыстам».
«Мой паклон такім людзям, як ён, якія ставяць свабоду сваёй радзімы і барацьбу за справядлівасьць вышэй за ўсё. У першым лісьце ён мне напісаў, што ўяўляю, які ты жах адчула, калі пачула вось гэта ўсё. Я прашу прабачэньня за сябе, што зноў прымушаю вас акунуцца ў гэты кашмар, але ты павінна як ніхто мяне зразумець, я проста ня мог па-іншаму».
Валянціна адзначыла, што погляд Ігара і ягоных сяброў на сытуацыю ў краіне даўно адрозьніваўся ад таго, што ў большасьці беларусаў.
«Мы жывём, па сутнасьці, у акупацыі. Ігар і ягоныя сябры бачылі гэта ўжо даўно, і многія людзі сёньня разумеюць, што яны мелі рацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэмная літаратура: што трэба для таго, каб пісаць за кратамі?Маці Аліневіча пракамэнтавала і першае судовае паседжаньне, працытаваўшы словы сваёй знаёмай, якая таксама змагла там папрысутнічаць.
«Яна сказала: я ішла на суд у такой дэпрэсіі, а выйшла ў прыўзьнятым настроі і з аптымізмам гляджу ў будучыню. Калі я адчула тую атмасфэру, мне падалося, што маральная перавага была на баку прысутных у залі, у тым ліку абвінавачаных».
Валянціна Аліневіч прызналася, што была ўражаная тым, як трымаліся хлопцы.
«Уявіце, людзям на карантыне цяжка знаходзіцца ў кватэры на працягу 10 дзён, а як у маленькай бэтоннай камэры праседзець больш за год! І вось убачылі б вы іх твары. Гэта твары нязломных людзей», — сказала маці Ігара Аліневіча.
Як апісваюць Ігара Аліневіча яго сябры і знаёмыя
Вось якія словы гучалі пра Аліневіча на вечарыне салідарнасьці:
«Ён дайшоў да такога стану фізычнага ўзвышэньня, што фізычнае жыцьцё для яго перастала мець такую вартасьць. Для яго заўсёды важна было ня здрадзіць самому сабе, і ў турме ён яшчэ больш у гэтым перакананьні ўзмацніўся, і зь ягонага жалезнага характару выгартавалася сталь».
«Я быў уражаны гэтым чалавекам, мы правялі прэзэнтацыю ягонай кнігі ва ўнівэрсытэце ў Інстытуце сацыялёгіі. Ігар адчуваў сябе ўпэўнена на кожным з такіх мерапрыемстваў, незалежна, ці гэта быў сквот, ці кавярня, ці сацыяльны цэнтар»
«Ён дапаўняў сваю кнігу „Еду ў Магадан“, але ня скончыў, таму што вырашыў, што падзеі ў Беларусі важнейшыя за кнігу».
«Ягонае анархісцкае сэрца і душа рэвалюцыянэра засталася ў БУРы, як мы гэта завём: Беларусь, Украіна, Расея — барак узмоцненага рэжыму. Ён заўсёды сачыў за навінамі гэтых краін, вельмі перажываў за тое, што там адбываецца».