У гэты дзень у гісторыі
25 лістапада 1795 году кіраўнік Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад пасаду на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Такім чынам, Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаваньне.
Год таму ў гэты дзень
- Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна пачаў разгляд абвінавачаньняў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ў парушэньні Алімпійскай хартыі.
- 67-гадовага вартаўніка Салігорскага КДБ, вайсковага пэнсіянэра Леаніда Штайду прызналі вінаватым у забойстве 50-гадовага супрацоўніка «Беларуськалію» Генадзя Кісяля. Штайду прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
- Выйшаў на волю шматгадовы журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч. Ён адбываў 15-суткавы арышт на Акрэсьціна і пасьля ў Баранавічах — яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. На судзе Грузьдзіловіч даводзіў, што ён працаваў у гэты дзень па заданьні выданьня «Народная Воля», меў журналісцкае пасьведчаньне і рэдакцыйнае заданьне.
- 25 лістапада выйшаў на волю журналіст Ігар Карней. Яго затрымалі перад пачаткам маршу 15 лістапада на Пушкінскай, асудзілі на 10 сутак. Тэрмін ён адбываў у Жодзіне. Кажа, што самым цяжкім было 12-гадзіннае стаяньне каля сьцяны ў двары пастарунку.
- Беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай заявай з нагоды крымінальнага перасьледу трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі палітвязьнямі.
- «Россельхознадзор» забараніў імпарт у Расею прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў — Барысаўскага мясакамбінату № 1, Берасьцейскага мясакамбінату, прадпрыемства «Коскро» з Горадзенскага раёну і «Юніміт» са Смалявіцкага раёну.
Таксама ў гэты дзень
1794 — параненага Тадэвуша Касьцюшку, лідэра антырасейскага паўстаньня ў Рэчы Паспалітай, даставілі ў Пецярбург. Там ён амаль 2 гады быў зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, а пасьля вызваленьня выехаў у ЗША.
1867 — Альфрэд Нобэль запатэнтаваў сваю галоўную вынаходку — дынаміт.
1920 — падчас Слуцкага паўстаньня ў мястэчку Семежаве, куды пераехала рада паўстанцаў, на цэнтральным пляцы прайшоў парад беларускіх аддзелаў. Праз два дні яны ўступілі ў бой з бальшавікамі.
1989 — у Менску прайшла арганізаваная БНФ «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях». У межах асамблеі адбыўся міжнародны грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украінцы клянчаць «Дайце!», а беларусы кажуць «Мы — самі!»1992 — Фэдэральная Асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну. Падзел адбыўся 1 студзеня 1993 году.
2000 — галяндзкі парлямэнт упершыню ў сьвеце легалізаваў эўтаназію — штучнае ўмярцьвеньне невылечна хворых людзей.
У гэты дзень нарадзіліся
1701 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якой карыстаюцца ў краінах Эўразіі.
1884 — Уладзімер Кудрэвіч, беларускі пэйзажыст.
1908 — Анатоль Волкаў, беларускі мастак-графік. Найбольшую вядомасьць мастак атрымаў дзякуючы сваім ілюстрацыям да клясыкі беларускае літаратуры і сатырычнымі малюнкамі ў часопісе «Вожык».
1922 — Ефрасіньня Бондарава, беларускі кінакрытык, гісторык кінамастацтва.
1936 — Іван Крэнь, беларускі гісторык.
1955 — Аляксандар Казулін, экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы рэктар БДУ і палітычны вязень.
У памяці
1970 — зрабіў сабе харакіры культавы пісьменьнік сучаснасьці і адзін з найбольш вядомых літаратараў пасьляваеннай Японіі Юкіё Місіма.
1972 – Хася Прусьліна, пэдагог, удзельніца антынацысцкага падпольля ў менскім гета
Я вырас на зацішнай полацкай вуліцы, дзе вечарамі, седзячы на лавачках, жыхары гаварылі пераважна на ідышы. З гэтае прычыны і мы, хлапчукі зь беларускай «нацменшасьці», таксама ведалі пару сотняў габрэйскіх словаў і не саромеліся сваімі ведамі карыстацца.
Такія мясьціны былі і ў даваенным Менску, дзе жыла пэдагог Хася Прусьліна.
Калі Нямеччына напала на Савецкі Саюз, яна праводзіла мужа ў войска і засталася з двума дзецьмі. Неўзабаве ўсе трое апынуліся ў гета. Маленькага сына фашысты забілі падчас адной з сваіх «акцыяў». Дачку ўдалося запісаць беларускай і выратаваць, адправіўшы ў дзіцячы прытулак.
Хася ўзначаліла ў гета адну з падпольных групаў-«дзясятак», у задачу якой уваходзіла сувязь з астатнім горадам.
Атрымаўшы фальшывы пашпарт на імя Пелагеі Фядзюк, яна ўладкавалася прыбіральніцай па-за ганебным мурам і здолела зьвязаць нелегальныя габрэйскія групы зь Менскім падпольлем.
Аднак далейшае знаходжаньне ў горадзе зрабілася сьмяротна небясьпечным: на вуліцах зьявіліся сотні
нямецкіх улётак зь яе фатаздымкам.
У партызанскім аддзеле яна адразу трапіла на падазрэньне «асабістам », якія абвясьцілі Прусьліну засланкаю акупантаў. На шчасьце, адзін з байцоў аказаўся яе колішнім студэнтам і выратаваў Хасю ад расстрэлу.
«Хася Мэндэлеўна, — сказалі ёй па вайне ў адным чыноўніцкім кабінэце, — чаму б вам не пакінуць сабе падпольнае імя і не зьмяніць нацыянальнасьць?» Хася адказала, што хоча застацца габрэйкай. «Жи-дов-кой», — удакладніў гаспадар кабінэту.
Доўгія гады над усімі жывымі ўдзельнікамі Менскага падпольля, якое не кантралявалася савецкай уладай, вісела страшнае абвінавачаньне ў здрадзе радзіме. Падазрэньні здымаліся з адных закатаваных у гестапа.
Падпольны рух у гета ня быў выняткам, хутчэй, наадварот, бо ўлады не прызнавалі адмысловага характару палітыкі гітлераўцаў у дачыненьні да габрэяў, які сёньня вядомы як Галакост.
З мэтаю рэабілітацыі менскага, у тым ліку і габрэйскага супраціву нацыстам Хася Прусьліна, рызыкуючы страціць працу, распачала рэгулярнае чытаньне сваіх неартадаксальных лекцыяў.
У 1957-м, не ўважаючы на папярэджаньні «кампэтэнтных органаў», яна арганізавала кампанію зваротаў
да Мікіты Хрушчова, у ЦК КПСС і цэнтральныя выданьні.
Былі напісаныя дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў былых падпольшчыкаў.
Праз тры гады намаганьні Прусьлінай далі плён: часопіс «Коммунист» надрукаваў першы артыкул, дзе Менскае падпольле прызнавалася, так бы мовіць, «легітымным».
Цяпер пра ягоных герояў напісаныя кнігі й зьнятыя фільмы.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 298-299
1988 — паводле афіцыйнай вэрсіі, трагічна загінула беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. У 1976 годзе Янішчыц трапіла ў аварыю, боль і пакуты ад якой паўплывалі на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцьця творцы.