Папярэдзіць зьнішчэньне Зямлі: місія NASA сутыкнецца з астэроідам

Схэма місіі DART

У сераду з вайсковага касмадрому ў Каліфорніі (ЗША) стартаваў бесьпілётнік DART — першы ў гісторыі касьмічны «камікадзэ».

Пра першую ў гісторыі місію такога кшталту расказвае ВВС.

Адзіная мэта апарата коштам 325 млн даляраў — на поўнай хуткасьці ўдарыць у астэроід, які значна перавышае бесьпілётнік памерам і масай, каб такім чынам зьмяніць арбіту нябеснага цела.

Праект DART распрацаваны NASA сумесна з Эўрапейскім касьмічным (ЭКА) агенцтвам у рамках праграмы абароны Зямлі ад плянэтарных удараў — накшталт таго, які ўдаецца прадухіліць герою Бруса Ўіліса ў галівудзкім блокбастары «Армагедон».

Мэта касьмічнага камікадзэ — калязямны астэроід Didimos дыямэтрам каля 780 мэтраў і яго спадарожнік, 168-мэтровы Dimorphos.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA запусьціць місію, каб абараніць Зямлю ад астэроідаў

Насамрэч ніякай рэальнай пагрозы для Зямлі ні адзін, ні другі астэроід, назіраньні за якімі астраномы бесьперапынна вядуць з 2003 году, не ўяўляюць.

Аднак навукоўцам вядома па меншай меры некалькі дзясяткаў нябесных целаў, імавернасьць сутыкненьня якіх зь Зямлёй ацэньваецца значна вышэй, так што адпрацаваць мэханізм плянэтарнай абароны было вырашана менавіта на астэроідах Didimos і Dimorphos.

У верасьні наступнага году астэроідная пара павінна наблізіцца да нашай плянэты на адлегласьць каля 6,7 млн км — гэта прыблізна ў 15 разоў далей, чым да Месяца.

Траекторыя апарата DART, які важыць усяго каля 550 кг, разьлічана такім чынам, каб ён урэзаўся ў меншы па памеры Dimorphos на хуткасьці каля 24 000 км/г (або 6,6 км/сэк).

Эўрапейскае касьмічнае агенцтва апублікавала анімацыйнае відэа заплянаванай місіі. Відэа падрабязна дэманструе запуск ракеты Falcon 9, якая павінна вывесьці апарат у космас, і сам момант сутыкненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільярдэр Бэзас будуе касьмічную арбітальную станцыю

Ацаніць зроблены сутыкненьнем эфэкт і ўдакладніць новую арбіту астэроіда даручана іншай касьмічнай місіі ЭКА пад назвай Гера. Зрэшты, адбудзецца гэта ўжо пры наступным набліжэньні астэроідаў Didimos і Dimorphos да Зямлі, у 2026 годзе.

Сутыкненьне з буйным нябесным целам можа абярнуцца для Зямлі сапраўднай катастрофай плянэтарнага маштабу. У залежнасьці ад хуткасьці і памеру астэроіда ён можа зьнішчыць нашу плянэту, зрабіць яе непрыдатнай для жыцьця або прынамсі выклікаць хвалю землятрусаў, цунамі і іншых маштабных катаклізмаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадкавы ‘Oumuamua. Астрафізык з Гарварду расказаў, як да нас завітаў госьць з космасу


Так ужо здарылася 66 млн гадоў таму, калі аналягічнае сутыкненьне прывяло да масавага выміраньня жывёлаў, якія насялялі плянэту ў мэзазойскую эру — у тым ліку дыназаўраў.

Менавіта таму з 2016 году NASA праводзіць штогадовыя вучэньні, закліканыя адпрацаваць на выпадак падобнай небясьпекі дакладны і зладжаны мэханізм дзеяньняў.

З пазамінулага году вучэньні сталі па-сапраўднаму глябальнымі: у рамках Сусьветнай канфэрэнцыі па абароне плянэты да ЗША далучыліся Эўрапейскае касьмічнае агенцтва, «Роскосмос» і іх партнэры з усяго сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У панядзелак у Расеі выпрабавалі ракету, якая зьнішчыла свой спадарожнік, утварыўшы тысячы аскепкаў сьмецьця
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA адкладае запуск новай місіі на Месяц да лютага наступнага году