Ліквідавалі Цэнтар падтрымкі сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва на Полаччыне
На выкананьне прадстаўленьня пракуратуры Полацкага раёну райвыканкам прыняў рашэньне аб ліквідацыі Цэнтра інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва «Адвакацыя».
Вырак за камэнтар «сьвіньня» пад пастом пра інспэктара ДАІ
22 лістапада ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК Беларусі) прызналі мянчанку Тацяну Козак.
Як паведамляе «Вясна», жанчына напісала камэнтар «сьвіньня» пад пастом пра інспэктара ДАІ Сьветлагорскага РАУС Андрэя Баграёнка.
Пацярпелы паведаміў, што сваім камэнтаром Тацяна «падарвала яго аўтарытэт, прычыніла маральную шкоду і моцныя маральныя пакуты». Шкоду, якую жанчына нанесла пацярпеламу сваім камэнтаром, Баграёнак ацаніў у 3000 рублёў.
Судзьдзя Натальля Бугук прысудзіла Тацяне два гады «хатняй хіміі» і пастанавіла выплаціць пацярпеламу сілавіку 2000 рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі.
Тацяну Козак затрымалі 16 ліпеня 2021 году — амаль праз год пасьля таго, як у жніўні 2020-га яна ў «Аднаклясьніках» напісала ў камэнтары адно слова «сьвіньня» пад пастом пра сьветлагорскага міліцыянта, які біў людзей, расказала Свабодзе сукамэрніца жанчыны на Акрэсьціна.
Што вядома пра падсудную
«Тацяну ў ліпені ў пятніцу зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна, трымалі ўсе выходныя, нягледзячы на тое, што яна адна выхоўвае непаўналетнюю дачку, якой 13 гадоў. Жанчына вельмі перажывала за дзяўчынку-падлетка. Дачцэ не паведамілі, што маці затрымалі. У панядзелак, 19 ліпеня, з нашай камэры Тацяну забралі. Мяркуючы па тым, што яна на наступны дзень патэлефанавала маім сваякам, я спадзявалася, што Тацяну адпусьцілі, а справу закрылі.
Аднак сёньня даведалася, што праз 4 месяцы пасьля затрыманьня ёй усё ж прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі», ды яшчэ выплаціць таму міліцыянту 2 тысячы рублёў «за маральныя пакуты». Для Тацяны гэта вялікія грошы, яна ў ІЧУ перажывала, што яе звольняць з працы».
Тры гады «хіміі» за «нязгоду з падлікам галасоў»
24 лістапада 2021 году ў судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесьлі прысуд 30-гадоваму менчуку Аляксандру Лянько. Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу і асудзіла на тры гады «хіміі», піша «Вясна».
Згодна з абвінавачаньнем, мужчына 9–10 жніўня 2020 году «публічна выкрыкваў лёзунгі, зьдзяйсьняў гучныя воплескі рукамі, рухаўся ў калёне, аб’яднаўшыся рукамі зь іншымі асобамі, наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў». Аляксандар прызнаў віну і расказаў, што накіраваўся ў горад, бо ня быў згодны з падлікам галасоў на выбарах.
Да справы былі далучаныя акты аб прыпыненьні грамадзкага транспарту 9 жніўня: Менсктранс заявіў пазоў на 3621 рубель шкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 лістапада: экс-міліцыянта адправілі пад арышт за выдаваньне зьвестак пра былых калегЖанчына зьняла відэа, як супрацоўнікі ваенкамата адзначаюць сьвята ў намёце «пратэстнай расфарбоўкі», тыя падалі на яе ў суд
44-гадовая Тацяна Казакова 7 траўня гуляла каля свайго дому ў Добрушы і пабачыла, як кампанія людзей адпачывае ў намёце з чырвона-белымі палосамі. Яна пракамэнтавала, што там «наш добрускі ваенкамат адзначае сьвята». У той жа дзень яна загрузіла на YouTube відэа з назвай «Бчбшники военкомат добруш».
Супрацоўнікі ваенкамату напісалі заяву ў міліцыю з просьбаю прыцягнуць жанчыну да адказнасьці за паклёп (арт.188 КК РБ, да трох гадоў пазбаўленьня волі). Усяго пацярпелымі па справе праходзяць восем чалавек, на працэс прыйшлі толькі трое.
Казакова папрасіла ва ўсіх прабачэньня і прызнала сваю віну. Таксама яна заявіла, што заўсёды галасуе за Лукашэнку і ніколі не хадзіла на акцыі пратэсту. Пакуль невядома, ці вынесьлі нейкі прысуд у дачыненьні Казаковай, бо працэс на хадайніцтва пракурора зрабілі закрытым, піша «Гомельская Вясна».
Менскую экскурсаводку арыштавалі на 15 сутак за «перашкоду супрацоўнікам КДБ праводзіць ператрус у яе дома»
У судзе Фрунзэнскага раёну сёньня адбыўся суд над 33-гадовай экскурсаводкай Натальляй Петуховай, піша «Вясна». Дзяўчыну затрымалі разам зь яе сястрой Аленай 23 лістапада пасьля ператрусаў у іх кватэрах, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ. Вядома, што Алену празь некаторы час адпусьцілі, а Натальлю пакінулі за кратамі да суду. У Фрунзэнскім РУУС міліцыянты склалі на Петухову пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). Яе абвінавацілі ў тым, што яна «адмовілася адчыняць дзьверы супрацоўнікам КДБ» і «перашкаджала ім сваім целам праходу ў сваю кватэру».
Справу Петуховай разглядала судзьдзя Марыя Ярохіна. Падчас судовага паседжаньня Натальля адмовілася ад адваката і ад дачы паказаньняў. Пасьля азнаямленьня зь пісьмовымі матэрыяламі справы судзьдзя Ярохіна зрабіла перапынак. Пасьля аднаўленьня суду праз скайп выклікалі сьведку-міліцыянта Сазонава, які пацьвердзіў, што Натальля адмовілася адчыняць дзьверы, але нічога дакладна ня памятае, бо «шмат праводзіць ператрусаў за дзень».
Судзьдзя Ярохіна нават ня брала перапынак, каб падрыхтаваць рашэньне суду. Яна на месцы пастанавіла прызнаць Натальлю Петухову вінаватай па арт. 24.3 КаАП і арыштавала яе на 15 сутак.
Ператрусы ў Паўла Батуева праводзіліся ў крымінальнай справе
Стала вядома, што затрыманьне салігорскага актывіста Паўла Батуева і ператрусы ў ягонай кватэры і кватэры ягонага бацькі праводзіліся ў межах крымінальнай справы паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведаміла «Вясна».
Адзін зь іх — «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) за абразу начальніка салігорскага РАУС. Самога Паўла Батуева затрымалі.
Зьнік намесьнік старшыні Барысаўскай гарадзкой арганізацыі БСДП Ігар Леднік
18 лістапада ён напісаў, што яго хочуць пакараць за допіс у фэйсбуку з закрэсьленымі выявамі фашысцкай і савецкай сымболік. З 19 лістапада сувязі зь ім няма. У сваю кватэру ён таксама не прыходзіў, паведаміў тэлеграм-канал БСДП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прапанавалі пашырыць паўнамоцтвы ўнутраных войскаў, у тым ліку ў дачыненьні да жанчын і дзяцей