У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.
1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.
Пра ўсё гэта – у кнізе «Дзевяноста шосты». Сёньня апошні фрагмэнт кнігі, поўны варыянт якой будзе апублікаваны на сайце Радыё Свабода ў бліжэйшыя дні.
ЗША ледзь не прызнаюць рэфэрэндум
Чытачы маглі пераканацца, што яшчэ ў першай палове 96-га індыкатар увагі міжнароднай супольнасьці да лёсу беларускай дэмакратыі вагаўся — ад зацікаўленьня адразу пасьля вясны-96, да гатоўнасьці пайсьці на кампраміс з Лукашэнкам у ліпені, калі ён быў запрошаны ў Парыж (ці нават гатоўнасьці здаць Беларусь «дэмакратычнай Расеі»).
Увосень жа 96-га працэс вяртаньня Беларусі ў канстытуцыйнае поле пачаўся ў атмасфэры ўвагі міжнароднай супольнасьці да лёсу беларускай дэмакратыі, чаму ў немалой ступені паспрыяла рашэньне Вашынгтону аб даваньні палітычнага прыстанішча двум лідэрам БНФ.
І намер Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум, і пачатак дэпутатамі працэдуры імпічмэнту, і гвалтоўная адстаўка Ганчара, і «крамлёўскі дэсант» ды падпісанае пагадненьне — усё гэта асьвятлялася заходнімі СМІ і абмяркоўвалася палітыкамі. Асабліва падпісанае пры ўдзеле Крамля пагадненьне. Акцэнт тут рабіўся на слове «Крэмль»: палітыкі Захаду, уздыхнуўшы з палёгкай пасьля нядаўняй перамогі Ельцына над камуністамі на прэзыдэнцкіх выбарах, працягвалі бачыць у ім гаранта ня толькі дэмакратыі ў Расеі, але і ў краінах, якія ўспрымалі як сатэліты Крамля.
І цяпер, упершыню за некалькі месяцаў, зноў узьнікла пагроза, што Вашынгтон палічыць справу завершанай, бо канфлікт вычарпаны з дапамогай гэтага самага «крамлёўскага гаранта». І тут я прывяду аповед Пазьняка, які, акрамя іншага, пацьвярджае, як часам бывае важна апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы.
22 лістапада ў Пазьняка быў заплянаваны выступ у Вашынгтоне, у фондзе Карнэгі — з такой прапановай да лідэра БНФ зьвярнуўся Дзярждэпартамэнт. На сустрэчу былі запрошаныя кангрэсмэны, дыпляматы і палітычныя аналітыкі. На той момант я ўжо быў у Празе.
Перад выездам зь Нью-Ёрку, у тры гадзіны ночы, Пазьняк патэлефанаваў у Менск, дзе была раніца, і даведаўся пра падпісанае пагадненьне.
Калі мы з доктарам Вітаўтам Кіпелем зайшлі ў залю фонду Карнэгі, то ўбачылі, што перад кожным ляжалі нейкія паперкі. Гэта было паведамленьне для друку Дзярждэпартамэнту ЗША пра начныя падзеі ў Менску. У тэксьце выказвалася задавальненьне з нагоды заканчэньня крызісу ў Беларусі і ўхвалялася нібыта «прымірэнчая» місія рускага кіраўніцтва, якое быццам бы выступіла ня толькі «міратворцам», але й гарантам стабільнасьці ўлады ў Беларусі. Непадалёк сядзеў задаволены рускі амбасадар, а зь ім беларускія «калегі» з пасольства.
Мне сказалі, што заява яшчэ ня здадзеная ў друк (было паміж 9-й і 10-й раніцы). Я адклаў свой даклад убок і сказаў, што буду гаварыць пра начныя падзеі ў Менску, паколькі становішча зусім не такое, як адлюстравана яно ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту.
Я растлумачыў прысутным, што на самой справе расейскае кіраўніцтва прыехала ратаваць свае каляніяльныя інтарэсы ў Беларусі і падтрымаць Лукашэнку. Гэта жэст супраць дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі, умяшаньне ў нашыя ўнутраныя справы, падпорка для дыктатуры. Я сказаў, што рускія проста ашукалі даверлівага Сямёна Шарэцкага, што Лукашэнка ня выканае нават тых умоваў, якія паабяцаў выканаць, што Масква разам з Лукашэнкам хочуць толькі выйграць час, каб правесьці чарговы незаконны і фальшывы рэфэрэндум на Беларусі і ўстанавіць поўны кантроль над нашай краінай.
Я падкрэсьліў, што інфармацыя, зьмешчаная ў «стэйтмэнце» Дзярждэпартамэнту, неадпаведная і паходзіць з тэндэнцыйных крыніцаў, што лепш было б не сьпяшацца з надрукаваньнем такой пазыцыі, а праверыць яе, улічыўшы і мае зьвесткі.
Потым была даволі жорсткая дыскусія. Адразу супраць узьвіўся рускі пасол. Яму падтаквалі беларускія службісты. З амэрыканцаў толькі адзін (прысутнічала каля 40 асобаў) спрабаваў падтрымаць рускіх. У канцы дыскусіі, у часе якой пераважная большасьць падтрымала мяне, прадстаўніца Дзярждэпартамэнту паведаміла, што яны ня будуць даваць гэты тэкст «стэйтмэнту» ў друк да поўнага высьвятленьня сытуацыі.
У мяне тады нібы гара з плеч звалілася. Было зразумела, што калі б такі тэкст са станоўчымі ацэнкамі чарнамырдзінска-строеўскай афёры ў Менску пайшоў у друк як афіцыйная пазыцыя Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, то назад яго ўжо не адклікалі б і пазыцыі не зьмянілі б. Усё магло б павярнуцца для нас, беларусаў, вельмі дрэнна.
Я дзякаваў Богу за дзівосны зьбег абставінаў, што 22 лістапада я апынуўся ў Вашынгтоне ў цэнтры ўвагі на такім форуме, што ноччу, перад ад’ездам зь Нью-Ёрку, патэлефанаваў у Менск і атрымаў інфармацыю пра падзеі, і нават што даклад мой быў прызначаны з самай раніцы, а не, скажам, на 14 гадзінаў, калі ўжо было б позна, бо «стэйтмэнт» трапіў бы ў друк.
Можа, хоць раз, хоць мінімальна, Беларусі пашанцавала. Праўда, на фоне таго, што сталася ў Менску, гэтае меркаваньне выглядае ледзь не іроніяй... І ўсё ж такі, і ўсё ж... Як бы ні павярнулася фартуна, што б ні сталася, што б ні было, у любой сытуацыі трэба змагацца за ўсю Беларусь і адначасна — за кожны мілімэтар, за кожную сэкунду яе жыцьця, яе будучыні.
... Пасьля дакладу і дыскусіі ў фондзе Карнэгі я меў магчымасьць 20-мінутнага выступу на тэлебачаньні CNN (непасрэднае ўключэньне), дзе гаварыў пра зьмест падзеяў у Менску. Пасьля выступу на тэлебачаньні я яшчэ спатыкаўся ў Дзярждэпартамэнце ЗША з кіраўніком Усходняга аддзелу (Беларусі, Украіны і Малдовы) Джэкам Сыгалам. Памятаю, што ён быў у вялікім недаўменьні, бо як прафэсійны палітык ніяк ня мог зразумець матываў паводзінаў Сямёна Шарэцкага, якія ня ўкладваліся ў ягоную амэрыканскую лёгіку. Птушка ўжо была ў руцэ, а яе ўзялі і выпусьцілі.
... Эпізод, пра які раскажу зараз, не ўкладаецца ў драматычную танальнасьць падзеяў. Выступ Пазьняка ў прамой трансьляцыі CNN перакладала Алеся Кіпель, дачка Вітаўта. Яна тады працавала ў буйной юрыдычнай фірме. Ейны калега ў тыя дні быў у Токіё, прымаў душ у гатэлі, у нумары быў уключаны тэлевізар, і калі ён выключыў ваду, ледзь не пасьлізнуўся ад нечаканасьці, пачуўшы з-за дзьвярэй голас сваёй калегі, якая, ён дакладна ведаў, не павінна была цяпер быць у Японіі, і тым болей ў ягоным нумары...
Пазьняк піша горкі ліст
У лісьце да Шарэцкага, які цытую ніжэй, Пазьняк прадэманстраваў зайздросную эмацыйную стрыманасьць — мушу прызнаць, што асабіста я на ягоным месцы выказаў бы моцныя экспрэсіўныя ацэнкі.
Ліст ужо ня мог паўплываць на падзеі — справа была зробленая, Лукашэнка паціраў рукі. Але тэкст важны для гісторыі, да таго ж ён дакладна адлюстроўвае эмацыйны стан аднаго з герояў гэтай кнігі (ды і, думаю, шмат каго ў тыя дні). Я падаю гэты ліст цалкам, без скарачэньняў.
Ягонай міласьці спадару Сямёну Георгіевічу Шарэцкаму.
Паважаны Сямён Георгіевіч!
Не знаходжу разумнага вытлумачэньня вашаму ўчынку — згадзіцца адклікаць іск пра імпічмэнт узамен на абяцаньне вар’ята лічыць рэфэрэндум, які ён самавольна праводзіць, «кансультацыйным». Хіба можа быць кампраміс з законам ці гандаль правам? Хіба тое, што прэзыдэнт парушыў дзясяткі разоў Канстытуцыю, правы чалавека і законы, перастала быць фактам? Злачынца сваім самадурствам загнаў сам сябе ў яму, а вы ў рашаючы час разам з Чарнамырдзіным і кампаніяй яго адтуль ні з таго ні зь сяго выцягнулі, каб ён Вас першага ж і прыкончыў. (Няўжо Вы хоць на сэкунду паверылі, што Лукашэнка будзе выконваць абяцаньні?) Больш няўдалага ўчынку на вядомым мне палітычным даляглядзе, чым той, што вы зрабілі, я ня памятаю. Вы што, вырашылі добраахвотна зганьбіць самога сабе? Навошта?
Няўжо Вы не разумееце, што, як толькі Канстытуцыйны суд прыняў бы рашэньне і задаволіў іск пра імпічмэнт, лёс лукашэнкаўскага прэзыдэнцтва, яго хунты і дыктатуры быў бы вырашаны і сытуацыя хутка перамянілася б (пры разумных дзеяньнях, вядома). Вы маглі б пачаць рэформы, падрыхтаваць пэрспэктывы краіне, аднавіць растаптанае вар’ятам. Вы хоць разумееце, што ў адну і тую ж ваду цяжка ўвайсьці двойчы?
Што Вы натварылі? У Чарнамырдзіна свая крамлёўская карысьць. Ім патрэбны Лукашэнка (хоць яны грэбуюць ім і ня любяць яго), бо ён здае расейцам Беларусь, нашу эканоміку, нацыянальныя інтарэсы. Чаму Вы дазволілі ім абысьціся з Вамі, як з хлапчуком?
Сямён Георгіевіч! Для палітыка, які стаіць ля стырна кіраўніцтва дзяржавай, няма нічога больш важнага, чым Бацькаўшчына, народ і нацыя — няма нічога важнейшага за шчасьце і інтарэсы Беларусі. Не глядзіце на Маскву, як Лукашэнка. Глядзіце на Беларусь.
За апошні месяц мне ўдалося ў пэўнай ступені ініцыяваць і ўдзельнічаць у трох палітычных сходах па праблемах Беларусі (круглы стол у Human Rights Watch, палітычны брыфінг у Кангрэсе ЗША і 22 лістапада канфэрэнцыя ў фондзе Карнэгі, які гуртуе палітычную эліту Амэрыкі). Усюды выказана падтрымка дэмакратыі на Беларусі. Усюды афіцыйна сказана, што Амэрыка не прызнае нелегітымнага рэфэрэндуму. 22-га лістапада была выказана думка Дзярждэпартамэнту аб тым, што Беларусі трэба ўвогуле адмяніць незаконны рэфэрэндум. У палітычных колах Амэрыкі занепакоены націскам Расеі на Беларусь і гатовыя падтрымаць беларускія інтарэсы. Пра гэта я казаў 22-23 лістапада ў інтэрвію на Сі-Эн-Эн. Гэта разумеюць у сьвеце. Ды, відаць, дрэнна чуюць на Беларусі. Інакш не рабілі б неабдуманых учынкаў.
Я ведаю, што Вы спахапіліся і хочаце ўсё паправіць. Ня буду Вам больш нічога раіць, бо тут так усё зразумела. Зычу толькі Вам выправіць усё да рэшты, быць цьвёрдым, перакананым, актыўным і пасьлядоўным беларусам. Імпічмэнт абавязкова павінен адбыцца. Інакш — рэпрэсіі, разбурэньне краіны і дыктатура.
Не крыўдуйце на мяне за рэзкасьць да Вас і адкрытасьць. Я быў вельмі ўражаны.
З павагай — Зянон Пазьняк. 24 лістапада, 9.00 менскага часу Нью-Ёрк.
У дзень, калі Пазьняк адсылаў Шарэцкаму гэты ліст, у Беларусі праходзіў рэфэрэндум — зафіксаваныя назіральнікамі шматлікія парушэньні ў часе агітацыі і галасаваньня, антыканстытуцыйныя ўказы Лукашэнкі пра роспуск Вярхоўнага Савету былі прадметам асуджэньня з боку міжнароднай супольнасьці, але не перашкодзілі ўсталяваньню рэжыму аднаасобнай і бескантрольнай улады аднаго чалавека.
«Ён цалкам парабаціў гэты народ», — скажа празь некалькі гадоў Васіль Быкаў.
Уладзімер Арлоў раіць, як адказваць Ельцыну
Чаму ж была магчымай — пры відавочнай канстытуцыйнасьці пазыцыі, падтрымцы міжнароднай супольнасьці, — параза Вярхоўнага Савету, якая ў выніку стала паразай беларускай дэмакратыі? Навошта было падпісваць славутае «начное» пагадненьне? Гэтае пытаньне я задаў Сямёну Шарэцкаму ў лістападзе 2001 году, калі на Радыё Свабода рыхтаваў перадачу пра падзеі 96-га. Вось што ён адказаў:
А што мусіў рабіць Вярхоўны Савет яшчэ, каб імпічмэнт адбыўся? Па-першае, мы мусілі сабраць ня менш як 70 подпісаў дэпутатаў. Мы іх сабралі 76. Наступным крокам, каб адбыўся імпічмэнт, мусіла быць рашэньне Канстытуцыйнага суду. Другое пытаньне. А чаму ж тады Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі ня сталі выконваць тых пагадненьняў, якія былі падпісаныя, у чым (у падпісаньні. — С.Н.) мяне абвінавачваюць. Чаму? А таму, што згодна зь імі мусілі адбыцца давыбары Вярхоўнага Савету. І вынікі рэфэрэндуму павінны былі быць, згодна з Канстытуцыяй, згодна з законам, разгледжаныя на сэсіі Вярхоўнага Савету. Для Лукашэнкі гэта азначала — канец улады.
У падобнай канфліктнай сытуацыі вызначальную ролю можа адыграць падтрымка палітычнай ініцыятывы насельніцтвам і сілавымі структурамі.
Спачатку — пра плошчу. Некаторыя, у тым ліку і Сямён Шарэцкі, лічаць, што калі б людзей на плошчы Незалежнасьці было больш, чым іх было ў тыя дні, вынік мог бы быць іншы.
Шарэцкі: Справа ўся ў тым, што, каб там было людзей сапраўды дзьве тысячы і больш, дык зусім былі б іншыя паводзіны і нас. Але там было, на жаль, ня вельмі шмат людзей, якія не маглі паўплываць на хаду падзеяў... Безумоўна, тым, хто стаяў, дзякуй ім, я і сёньня выказваю гэтую ўдзячнасьць, але, на жаль, такіх людзей было няшмат.
Тут Шарэцкі мог бы выказаць прэтэнзію і да сябе. Калі б, замест адмаўленьня ад удзелу ў мітынгу, 19 кастрычніка Шарэцкі, наадварот, заклікаў людзей прыйсьці, а потым рабіў гэта рэгулярна — на плошчу выходзіла б, перакананы, значна больш. Тое самае тычыцца і лідэра камуністаў Сяргея Калякіна — электарат камуністаў тады быў актыўны.
Адразу пасьля таго, як у лістападзе 2001-га я запісаў гутарку зь Сямёнам Шарэцкім, я пазнаёміў зь ёй Лявона Баршчэўскага (увосень 1996-га — выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ). Вось што зазначыў Баршчэўскі:
Першы эпізод быў, калі гвалтам Ганчара пазбавілі пасады, не далі яму вярнуцца ў свой кабінэт; народ стаяў ля Цэнтарвыбаркаму, і арганізавалі такое шэсьце па цэнтры гораду да Вярхоўнага Савету. І вось там выйшаў спадар Шарэцкі, сказаў, што няма сэнсу вам тут стаяць і зьбірацца, разыходзьцеся. Хаця можна было зайсьці ў гэты будынак і сымбалічна яго заняць. І тады б сытуацыя магла інакш пайсьці, таму што народу было на вуліцы, у часе шэсьця сабралася даволі шмат народу. А потым некалькі разоў спадар Карпенка выходзіў на плошчу і гаварыў, што ёсьць спадзяваньне, што маскоўскія палітыкі ўсё-такі прымусяць Лукашэнку стаць на рэйкі Канстытуцыі, і, гэткім чынам, у яго былі такія ілюзіі на той момант.
Ня згодны Баршчэўскі і з высновай Шарэцкага пра недастатковую, на ягоную думку, масавасьць людзей на плошчы. Нават той колькасьці людзей, якую ўдалося сабраць Народнаму Фронту, было дастаткова для падтрымкі дзеяньняў Вярхоўнага Савету, калі б тыя дзеяньні былі рашучыя:
Была праблема ня ў колькасьці людзей на плошчы. Проста, калі прыехалі гэтыя «пасярэднікі» маскоўскія, трэба было заняць цьвёрдую канстытуцыйную пазыцыю, і яны нічога не зрабілі б. Народу на вуліцы хапала, і ў патрэбны момант яго б дадалося, калі б дайшло да пасяджэньня Канстытуцыйнага суду аб імпічмэнце.
Цяпер да пытаньня, а што было б у выпадку, калі б імпічмэнт быў абвешчаны. Ці выканалі б кіраўнікі сілавых структураў свой канстытуцыйны абавязак? Гэта мо адзін з найбольш складаных аспэктаў той гісторыі, найперш з прычыны спэцыфікі гэтых самых структураў.
Што да пазыцыі генэральнага пракурора Васіля Капітана, дык ён выказаў яе Радыё Свабода яшчэ ў дзень гвалтоўнай адстаўкі Ганчара: «У мяне няма іншай пазыцыі, ёсьць адна пазыцыя. Ва ўсякім выпадку, да таго часу, пакуль я буду генэральным пракурорам, гэта пазыцыя закону. Я думаю, асноўная функцыя пракуратуры — гэта пазыцыя закону».
Пасьля рэфэрэндуму, у сьнежні 96-га, генэральны пракурор Капітан быў зьняты Лукашэнкам з пасады. Але гэта ўжо было пасьля правалу імпічмэнту.
Мне здаецца, што наўрад ці які-небудзь камандзір дывізіі мог публічна выказацца хаця б так, як генпракурор — адстаўка была б імгненнай (тое, што пазьней адбылося з генэралам Юрыем Захаранкам, прымушае дапускаць і горшыя варыянты).
Але афіцэрам зь вялікімі зоркамі на пагонах зусім не абавязкова выказваць свае думкі публічна. Ім дастаткова — і, больш за тое, яны абавязаныя — выступіць з падначаленымі імі падразьдзяленьнямі ў абарону Канстытуцыі і закону.
Калі такіх афіцэраў няма, лёс канстытуцыйнасьці і дэмакратыі ў краіне пад сумневам. Ды і будучыня самой краіны як незалежнай дзяржавы таксама.
Але калі яны ёсьць, тады ў супрацьстаяньні, у змаганьні за выкананьне закону прыхільнікі дэмакратыі маюць добры шанец перамагчы.
Гэта ня значыць, што без падтрымкі сілавых падразьдзяленьняў перамога немагчымая — гісторыя мае прыклады, калі народныя выступленьні дасягалі посьпеху безь першапачатковай падтрымкі таго, што ў наш час атрымала назоў «сілавыя структуры». Але такіх прыкладаў вельмі мала, нават у сытуацыях, калі на вуліцы выходзілі сотні тысяч. Звычайна ж перамозе папярэднічаў пераход хаця б часткі сілавых структураў на бок пратэстоўцаў.
А ўжо калі ад самага пачатку людзі ў пагонах (хай нават і ня ўсе), за якімі ёсьць рэальныя ўзброеныя падразьдзяленьні, выказваюць падтрымку палітычным лідэрам, спадзяваньні на посьпех такіх лідэраў зусім не беспадстаўныя.
Магу сказаць, што за ўсе гады дзейнасьці Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (1990 — студзень 1996-га), мы такой падтрымкі ніколі ня мелі.
Ці мелі яе кіраўнікі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ўвосень 1996-га?
Празь некалькі гадоў у размове са мной (не па тэлефоне) адзін з тагачасных кіраўнікоў парлямэнту сказаў, што група генэралаў запэўніла яго, што, калі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй прэзыдэнту будзе абвешчаны імпічмэнт, «мы даставім вам яго ў ланцугах» (было ўжыта менавіта гэтае слова).
Аднак гутарка адбывалася не пад аўдыёзапіс, я нічым не магу пацьвердзіць факту гэтага выказваньня і таму не даю прозьвішча суразмоўцы. Скажу толькі, што ў гэтай кнізе яно фігуруе вельмі часта.
А вось гэты мой дыялёг зь Сямёнам Шарэцкім быў запісаны і ў лістападзе 2001-га прагучаў у эфіры Радыё Свабода.
Навумчык: Калі б уявіць, што ўсё ж такі імпічмэнт адбыўся. Некаторыя кажуць, што Лукашэнка б, так бы мовіць, не скарыўся, пачаў бы страляць...
Шарэцкі: Я ня ведаю, што рабіў бы Лукашэнка, я толькі ведаю, што рабіў бы я і Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету. Мы б дзейнічалі згодна з Канстытуцыяй.
Навумчык: Скажыце, а пазыцыя кіраўнікоў сілавых структураў, пазыцыя генэралаў, палкоўнікаў... Я пастаўлю пытаньне так: ці былі сярод сілавых структураў, сярод кіраўнікоў вайсковых падразьдзяленьняў...
Шарэцкі: Спадар Сяргей, яшчэ прайшло толькі пяць гадоў. І ўсе гэтыя людзі жывыя, і шмат хто зь іх жыве і дзейнічае ў Беларусі. Яшчэ раз гавару, што я і Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету былі гатовыя і маральна, і арганізацыйна дзейнічаць далей па Канстытуцыі. Вам нешта большае патрэбна?
Навумчык: Патрэбна. Я не пытаюся ў вас нейкіх прозьвішчаў, проста...
Шарэцкі: Што б вы там ні пыталіся, я вам яшчэ раз сказаў, што мы і маральна, і арганізацыйна былі гатовы дзейнічаць далей па Канстытуцыі. Нам патрэбен быў крок з боку Канстытуцыйнага суду. Безь якога мы нічога не маглі рабіць. Інакш бы мы былі такімі, як Лукашэнка. Мы б ажыцьцяўлялі дзяржаўны пераварот.
Навумчык: Тут важна было зразумець для нашых слухачоў, ці ўсё ж такі мог парлямэнт разьлічваць на падтрымку тых, хто павінен быў бы сілавым чынам выступіць за захаваньне Канстытуцыі.
Шарэцкі: Цяпер цяжка аб гэтым гаварыць. Я вам яшчэ раз скажу: парлямэнт гатовы быў дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй. Сутнасьць імпічмэнту палягала ў тым, што Вярхоўны Савет зьбірае подпісы, а Канстытуцыйны суд выносіць рашэньне. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету мусіў, згодна Канстытуцыі, браць уладу ў свае рукі, так? І ўсё.
За некалькі гадоў да цытаванага інтэрвію, у Празе, у мяне адбылася іншая размова Шарэцкім на тэму падзеяў восені 1996 году, пры сьведках, і яе я прыгадаў у эсэ, прысьвечаным Уладзімеру Арлову. Гэты фрагмэнт потым шмат цытавалі ў незалежнай прэсе, прывяду яго і ў кнізе:
«Шарэцкі: — Калі было ўжо сабрана досыць подпісаў на імпічмэнт, мне патэлефанаваў Ельцын і сказаў Лукашэнкі не чапаць. Гэта быў, паўтараю, Ельцын! І што я мог адказаць Ельцыну?
— Пазьняк бы ягонага Ельцына паслаў у адказ на..., — сказаў Арлоў ужо ў калідоры, і гэта, здаецца, была адзіная нецэнзуршчына, пачутая ад яго за ўсе гады нашага знаёмства».
Капітуляцыі падпісваюцца дрыжачай рукой
Пра тое, што адбывалася ў Канстытуцыйным судзе, увосень 2001-га мне расказаў былы яго член Міхаіл Пастухоў:
Да нас у Суд раніцай прыехаў Юры Захаранка. Ён, мяняючы машыны, прывёз нам подпісы пад зваротам дэпутатаў аб адхіленьні дзейнага кіраўніка дзяржавы ад улады. Аднак у гэты момант Ціхіня быў заняты. Яшчэ з адным судзьдзём мы спрабавалі трапіць да яго, але сакратарка нас не дапусьціла і сказала: «Пачакайце, ён вельмі заняты, прасіў нікога не пускаць».
Празь нейкі час мы падышлі зноў да кабінэту Ціхіні, аднак ён быў усё «заняты». І мы ўрэшце вырашылі, нягледзячы на забароны сакратаркі, зайсьці да Ціхіні і пабачыць, чым жа ён так моцна заняты.
Калі мы зайшлі да старшыні Суду, дык такая нямая сцэна была перад нашымі вачыма: на сваім месцы сядзеў Ціхіня і, мне падалося, што ўвесь такі збляднелы. І перад ім стаяў высокі чалавек з мабільнай сувязьзю. Відаць, размову яны скончылі. Ну я гэтага чалавека ведаю, гэта быў чалавек з адміністрацыі.
Ціхіня, калі мы зьвярнуліся да яго, сказаў: «Прабачце, я цяпер адыду, і хвілінаў праз 30 абмяркуем гэтае пытаньне». Яны апрануліся і выйшлі.
Мы засталіся зьдзіўленыя, але не маглі даць ніякіх тлумачэньняў такімі паводзінамі старшыні. Я пайшоў да сабе ў кабінэт. Літаральна хвілінаў праз 5-10 патэлефанаваў знаёмы журналіст, запытаўся, ці праўда, што Ціхіня пайшоў да прэзыдэнта ў адміністрацыю. Я кажу: «Ды не, я толькі яго бачыў, ён нічога не сказаў».
Але хвілін праз 30 Ціхіня прыйшоў і сабраў увесь склад Суду, сказаў, што ён быў на сустрэчы ў Лукашэнкі. Пытаньне было пастаўлена, каб мы не сьпяшаліся з прыняцьцем гэтай справы аб імпічмэнце, яшчэ раз падумалі і, можа, схадзілі б на сустрэчу да Лукашэнкі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Аднак некалькі судзьдзяў, у тым ліку і я, сказалі, што мы ня пойдзем, бо да нас зьвярнуліся дэпутаты і мы мусім захоўваць нэўтралітэт.
Канстытуцыя не забараняла старшыні Канстытуцыйнага суду сустракацца з прэзыдэнтам — аднак яна і не абавязвала яго гэта рабіць. Чым матываваў свае дзеяньні Валеры Ціхіня, роўна як і пра тое, што за размова адбылася ў ягоным кабінэце з прадстаўніком прэзыдэнта, даведацца так нікому і не ўдалося.
Пасьля візыту ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ціхіня ўдзельнічаў у «начных перамовах» з удзелам кіраўнікоў Расеі.
Вось яшчэ адно сьведчаньне, гэтым разам дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Паўла Знаўца, якое ён зрабіў у верасьні 2019-га:
Шарэцкі мне падрабязна распавядаў пра тую ноч, як на яго ціснулі ўсе: і расіяне, і Лукашэнка, і старшыня КС Ціхіня. І яго расповед цалкам праўдападобны. Бо й потым, у 1997-м, падчас нашай паездкі ў Кіеў на палітычны сэмінар, Генадзь Карпенка, які ў тую ноч тусаваўся ў «прылазьніку» і якога ахова не дапускала нават да размоваў і кансультацыяў з Шарэцкім, пацьвердзіў, што разы два ці тры ён, Шарэцкі, выходзіў зь перамоўнай залі. Увесь пачырванелы, з дрыжачымі рукамі, узрушаны...
Супраціўляўся Сямён Георгіевіч падпісаньню таго ганебнага «акту аб капітуляцыі» аж да пятай гадзіны раніцы 23 лістапада 1996 г. І здаўся толькі пасьля таго, як палітычны «акт аб капітуляцыі», што адкрываў шлях да поўнага ўсяўладзьдзя прэзыдэнта, падпісаў сам Ціхіня.
Але паколькі Канстытуцыйны суд Беларусі ня мог быць бокам тых перамоваў, то подпіс Ціхіні на той паперцы нічога не вырашаў. І тады Ціхіня ўзьняўся з-за стала і так накрычаў на Шарэцкага, што той, быццам парсюк з байкі Кандрата Крапівы, «на сажняў пяць адскочыў». І дрыжачай рукой падпісаў лукашэнкаўскі «акт аб капітуляцыі».
Пастухоў:
Галоўную дэзарганізацыйную ролю адыгрываў старшыня Суду Ціхіня. Мы таксама хацелі спытаць яго, што адбылося і хто яго ўпаўнаважыў на гэтыя ўсе дзеяньні. Ён выглядаў такім сумным, нявыспаным; дастаў канвэрт, пры нас яго раскрыў, паказаў нам гэтае пагадненьне «Аб урэгуляваньні канстытуцыйнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь». Ціхіня сказаў, што «гэтае начы мы прадухілілі кровапраліцьце».
Потым адбыўся рэфэрэндум і Лукашэнка прызначыў новы склад Канстытуцыйнага суду, а Вярхоўны Савет разагнаў.
Празь пяць гадоў пасьля падзеяў, калі яны зрабіліся гісторыяй і маглі быць асэнсаваныя з адлегласьці пэўнага часу, Лявон Баршчэўскі гэтак вызначыў прычыны паразы:
Падзеі вучаць, што ў такіх экстрэмальных сытуацыях павінны быць людзі экстрэмальных сытуацый. У 91-м гэтую функцыю ўдала выконваў Пазьняк, а вось у 1996–2001 не было каму якраз у экстрэмальнай сытуацыі аказацца тым, хто ўсяляў бы ўпэўненасьць у людзей.
Неўзабаве пасьля лістападаўскіх падзеяў я запытаўся Пазьняка:
— А што б вы зрабілі, калі б былі ў той вечар у Менску?
— Я б засунуў Шарэцкага ў машыну, вывез яго за горад на якое лецішча ці ў лазьню і зачыніў бы на суткі, — адказаў Пазьняк.
— Не атрымалася б, — запярэчыў я. — У Шарэцкага тады была дзяржаўная ахова.
— Ну тады выцягнуў бы яго за каўнер з-за стала, калі падпісваў пагадненьне.
У палітыцы такія ўчынкі называюцца «прамое дзеяньне», гэта тыя самыя экстрэмальныя (часта фізычныя) дзеяньні ў экстрэмальных сытуацыях, пра якія згадваў Баршчэўскі.
Паўплываць на рашэньні «прамым дзеяньнем» (спыніць Шарэцкага) Пазьняк мог, толькі трапіўшы калі не на перамовы (куды Карпенку не пусьцілі), дык хаця б на працэдуру падпісаньня дамовы. А для гэтага ён мусіў быць ня проста дэпутатам, але віцэ-сьпікерам (як Новікаў ці Карпенка), альбо старшынём парлямэнцкай камісіі (як Краўчанка), альбо лідэрам буйной парлямэнцкай фракцыі (як Калякін). Заняць гэтыя пасады ён меў шанец толькі тады, калі б у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня была фракцыя Беларускага Народнага Фронту. Але ніводзін з кандыдатаў БНФ на выбарах у парлямэнт ня быў прапушчаны, у тым ліку і сам Пазьняк.
Не эміграцыя Пазьняка пазбавіла дэмакратыю шанцу (яна, наадварот, прыцягнула ўвагу сьвету да падзеяў у Беларусі), а ягонае невыбраньне ў 1995-м дэпутатам, да чаго прыклалі рукі і Адміністрацыя прэзыдэнта, і КДБ, і партыя камуністаў.
Трагікамічнае выцягваньне за каўнер старшыні парлямэнту як апошні спосаб не дапусьціць спаўзаньня краіны ў дзесяцігодзьдзі беззаконьня — што можа больш выразна сьведчыць і пра ягоную няздольнасьць прыняць правільнае рашэньне, і пра неадпаведнасьць пасадзе?
Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»
Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.
Дзевяноста першы
Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.
Дзевяноста другі
Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.
Дзевяноста трэці
Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.
Дзевяноста чацьверты
Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.
Дзевяноста пяты
Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.